Светлый фон

Падштурхоўваючы Кунерта наперад, Швейк сказаў яму:

– Не калаціся ты так, як асінавы ліст! Капітан Сагнер спытаў Кунерта, як ўсё адбылося.

Кунерт, калоцячыся ўсім целам, папрасіў аб усім распытаць самога пана лейтэнанта. Наогул пан лейтэнант Дуб па мордзе яго не біў.

Іуда Кунерт, не перастаючы дрыжаць, заявіў нават, што Швейк усё выдумаў.

Гэтай нуднай падзеі паклаў канец сам паручнік Дуб, які, нечакана з’явіўшыся, закрычаў на Кунерта:

– Хочаш атрымаць некалькі новых аплявух? Справа зрабілася зусім яснай, і капітан Сагнер заявіў паручніку Дубу:

– З сённяшняга дня Кунерт прыкамандзіроўваецца да батальённай кухні, што ж да новага дзеншчыка, звярніся да старшага пісара Ванака.

Паручнік Дуб узяў пад казырок і, толькі адыходзячы, кінуў Швейку:

– Б’юся аб заклад, што прыйдзе час, і вас павесяць!

Калі Дуб выйшаў, Швейк расчулена і па-сяброўску звярнуўся да надпаручніка Лукаша:

– У Мніхавым Градзішці быў адзін гэткі ж пан. I таксама гэтак гаварыў з другім, а той яму адказвае: «Пад шыбеніцай спаткаемся».

– Вы, Швейк, ідыёт, – сказаў надпаручнік Лукаш, – але толькі не спяшайцеся, як вы гэта звычайна робіце, адказваць: «Так точна, я ідыёт».

– Надзвычайна! – усклікнуў капітан Сагнер, высоўваючыся з акна. Ён з радасцю адхінуўся б назад, у вагон, але было позна, бо ля акна з’явілася гэтае няшчасце – паручнік Дуб. Ён выказаў сваё шкадаванне з прычыны таго, што капітан Сагнер пайшоў, не даслухаўшы яго вывадаў наконт наступлення на ўсходнім фронце.

– Калі мы хочам зразумець велізарны маштаб гэтага наступлення, – крычаў паручнік Дуб у акно, – мы павінны ўсведаміць, як разгортвалася наступленне ў канцы красавіка. Мы павінны былі прарваць рускі фронт і найбольш зручным месцам для гэтага прарыву палічылі фронт паміж Карпатамі і Віслай.

– Я з табой пра гэта спрачацца не збіраюся, – суха адказаў капітан Сагнер і адышоў ад акна.

Праз паўгадзіны, калі поезд зноў рушыў у дарогу ў напрамку да Санака, капітан Сагнер выцягнуўся на лаўцы і прыкінуўся, што спіць, каб паручнік Дуб не прыставаў да яго са сваімі збітымі, пошлымі разважаннямі аб наступленні.

За станцыяй Шчаўне, у даліне, зноў пачалі трапляцца свежыя вайсковыя могілкі. У Шчаўне з поезда можна было разглядзець каменны крыж з абезгалоўленым Хрыстом, якому адарвала галаву пры абстрэле чыгункі.

Поезд набіраў скорасць, набліжаючыся па даліне да Санака. Усё часцей сустракаліся разбураныя вёскі, яны цягнуліся паабапал чыгункі да самага небакраю.

Ля Кулашні, унізе ў рэчцы ляжаў разбіты поезд Чырвонага Крыжа, выбухам скінуты з насыпу. Балоўн вытрашчыў вочы, яго асабліва ўразілі параскіданыя ўнізе часткі паравоза. Гэты пейзаж прыцягнуў увагу і ўсяго вагона, дзе быў Швейк. Больш за іншых абураўся кухар Юрайда: