Светлый фон

– Ca мной можаш гаварыць па-чэшску, – сказаў палкоўнік. – Я таксама чэх. Твой батальён стаіць тут блізка, у вёсцы Клімантова за чыгункаю, але ў мястэчка лепей не хадзіць, бо салдаты з адной вашай роты як толькі прыйшлі, то і пабіліся з таварышамі.

Швейк выправіўся ў Клімантова.

Палкоўнік аклікнуў яго, палез у кішэню, даў яму пяць крон на сігарэты і зноў ласкава з ім развітаўся, думаючы пра Швейка: «Які сімпатычны салдацік!»

Памалу дапяўшы да зусім блізкай вёскі, Швейк без асаблівай цяжкасці знайшоў штаб батальёна, бо хоць вёска была і вялікая, але там узвышалася толькі адна прыстойная будыніна – вялікая пачатковая школа, якую ў гэтым чыста ўкраінскім краі паставіла галіцыйская краёвая ўправа дзеля паланізацыі жыхароў.

За час вайны школа пабачыла нямала. Тут размяшчаліся то рускія, то аўстрыйскія штабы, а падчас буйных баёў, якія вырашалі лёс Львова, спартыўная зала была пераабсталявана ў аперацыйную. Тут адразалі рукі і ногі, тут рабілі трэпанацыю чарапоў.

Паза школай, у садзе, пасля выбуху буйнакалібернага снарада засталася вялікая варонка. У кутку сада стаяла моцная груша, на адной яе галіне матляўся абрывак вяроўкі, на якой яшчэ нядаўна вісеў мясцовы грэка-каталіцкі святар. Яго павесілі па даносе дырэктара школы – паляка за тое, што той быў членам партыі старарусаў і ў часе рускай акупацыі служыў у царкве малебен за перамогу зброі рускага праваслаўнага цара. Гэта была няпраўда, бо ў тую пару абвінавачанага тут увогуле не было – ён лячыўся ад камянёў у жоўцевым пузыры на невялікім курорце, якога не закранула вайна – у Бохні Замураванай.

У тым, што грэка-каталіцкага святара павесілі, адыграла ролю некалькі фактаў: нацыянальнасць, рэлігійная варожасць і курыца, бо незадоўга да вайны няшчасны святар забіў у сваім агародзе адну з дырэктарскіх курэй, якія падзяўблі высеянае ім насенне кавуноў.

Дом нябожчыка святара стаяў пусты і, можна сказаць, што кожны, хто хацеў, браў сабе што-небудзь на памяць пра святара. Адзін мужычок-паляк зацягнуў да сябе нават стары раяль, покрыўку якога выкарыстаў для рамонту дзвярэй свінушніка. Частку мэблі, паводле звыклай практыкі, салдаты пасеклі на дровы, і толькі шчаслівым выпадкам ацалела на кухні вялікая печ са славутай духоўкай, бо грэка-каталіцкі святар нічым не адрозніваўся ад сваіх рымска-каталіцкіх калег, любіў папаесці і любіў, каб на пліце і ў духоўцы было многа патэльняў і гаршкоў.

I зрабілася нават традыцыяй гатаваць на гэтай кухні для афіцэраў усіх часцей, якія тут праходзілі. Наверсе, у вялікім пакоі, наладжвалася нешта накшталт афіцэрскага казіно. Сталы і крэслы рэквізавалі ў жыхароў вёскі.