Светлый фон

Але калі ў першы момант я адчуў нешта, што можна назваць здзіўленнем, у другі здзіўленне перарасло ў шок; шок быў надзвычайны, шок быў жудасны, я нават магу сказаць, я быў у жаху. Што, дзеля ўсяго агіднага, гэта значыла? Як я мог паверыць сваім вачам? Як? – вось у чым пытанне. Гэта што… гэта што… румяны? А гэта – гэта зморшчкі на твары Эжэні Лаланд? О Юпітэр і ўвесь пантэон багоў і бажкоў! Што… што… што сталася з зубамі? Я з сілай шпурнуў акуляры аб падлогу, ускочыў на ногі, устаў пасярод пакоя насупраць місіс Сімпсан, упёршы рукі ў бокі, ашчэраны, з пенай на вуснах, нямы і бездапаможны ад жаху і ятры.

Як я ўжо казаў, мадам Эжэні Лаланд – я маю на ўвазе, Сімпсан – гаварыла па-ангельску не нашмат лепей, чым пісала, і з гэтай прычыны зазвычай не карысталася нашай моваю. Але лютасць можа кінуць жанчыну ў любыя скрайнасці; у дадзеным выпадку яна кінула місіс Сімпсан у вельмі экзатычную скрайнасць распачаць маналог на мове, якой яна амаль не разумела.

– Б’ен, мсьё, – сказала яна пасля паўзы, дэманструючы скрайняе здзіўленне. – Б’ен, мсьё – што ц’япер? Што ёсь такой? ‘Эта з вамі такой танесь дэ сэнт Віт? Калі вы не кахай мяне, зачшэм купляй свінь у мяшок?

– Ведзьма! – закрычаў я, хапаючы ротам паветра. – Ах ты, гнюсная старая падла!

– Падла? Старая? Не вельмі вам старая, трэба сказаць! Няшмат дні балей за восемдзесят дува!

– Восемдзесят два! – выгукнуў я, адсоўваючыся да сцяны. – Восемдзесят дзве тысячы бабуінаў! На мініяцюры напісана дваццаць сем гадоў і сем месяцаў!

– Ус’ё ёсь рэзон! Слюшна! Але партрэт малявай рана п’яйсят п’яць гадоў. Калі я жаню за мой другі муш мсьё Лаланд, тады партрэт малявай для мая дош ад першы муш мсьё Муасар.

– Муасар! – сказаў я.

– Так, Муасаррр, – сказала яна, – перадражніваючы мой пранонс, які, трэба сказаць, быў не на вышыні. – І што ц’япер? Што вы ведай пра Муасар?

– Нічога, старое ты пудзіла! Нічога я не ведай, толькі тое, што меў далёкага продка з гэткім прозвішчам.

– ‘Эткі празвішч! І што н’е ёсь так з ‘эткім празвішч? Вельмі б’ен празвішч, як і Вуасар – таксам вельмі б’ен празвішч! Мая дош, мадэмуазэль Муасар, ёсь Вуасар – бо жаній мсьё Вуасар, і ‘эта таксама вельмі рэспектабль празвішч!

– Муасар? – ускрыкнуў я. – І Вуасар? Гэта вы пра што?

– Як пра што? Пра Муасар, і Вуасар, і калі ўжо мы аб тым казай, Круасар і Фруасар. Дош маёй дош, мадэмуазэль Вуасар, яна жаній мсьё Круасар, а ўнушк маёй дош, мадэмуазэль Круасар, у свой чарга жаній мсьё Фруасар, вы будзеш казай ‘эта н’е рэспектабль празвішч?

– Фруасар! – сказаў я ў амаль запамарочным стане. – Вы кажаце, Муасар, Вуасар, Круасар і Фруасар?