Светлый фон

Наступным ранкам на вуліцы мая прапрабабка сустрэла Толбата, свайго даўняга знаёмага па Парыжы; натуральным чынам размова перайшла на маю асобу. Ёй апавялі пра мой кепскі зрок, бо гэты мой недахоп быў відавочны ўсім, хоць я пра гэта зусім не здагадваўся. І мая добрая старая сваячка з расчараваннем сцяміла, што памылялася, мяркуючы, нібы я пазнаў яе. І што я проста выглядаў дурнем, публічна захапляючыся ў тэатры незнаёмай бабцяй. Каб пакараць мяне за такую непрыстойнасць, яна ўступіла ў змову з Толбатам. Ён наўмысна пазбягаў мяне, каб я не мог пазнаёміцца з прабабкай. Мае вулічныя роспыты пра «мілую ўдаву мадам Лаланд» усе, зразумела, адносілі на адрас маладой дамы, і такім чынам можна было лёгка патлумачыць размову з трыма джэнтльменамі, якіх я сустрэў неўзабаве пасля візіту ў гатэль Толбата, як і іх намёкі на Нінон дэ Ланкло. Я не меў магчымасці разгледзець мадам Лаланд зблізку пры дзённым святле, а на яе музычнай імпрэзе мая дурная адмова скарыстацца ларнетам надзейна адсунула мяне яшчэ далей ад адкрыцця яе сапраўднага веку. Калі «мадам Лаланд» запрасілі спяваць, гэта датычыла маладзейшай дамы, і гэта яна ўзнялася на запрашэнне; мая прапрабабка, каб не выкрываць маёй аблуды, таксама ўзнялася і суправадзіла сваячку да піяніна ў вялікай гасцёўні. Калі б я вырашыў пайсці за ёй, яна б пераканала мяне заставацца там, дзе я быў; але праз мае намеры датрымлівацца рамак прыстойнасці гэтага не спатрэбілася. Канцэрт, які я так упадабаў і які пацвердзіў юнасць маёй каралевы, выканала мадам Стэфані Лаланд. Ларнет старая падарыла мне, каб узмацніць эфект розыгрышу, у якасці іскрынкі анекдота. Гэты падарунак паслужыў нагодай для сапраўды дзейснага для мяне ўроку аб шкодзе прытворства. Ну і лішне казаць, што свае старэчыя лінзы мадам Лаланд замяніла на дзве іншыя, больш прыдатныя для маіх вачэй. Яны і сапраўды карэктавалі мой зрок як найлепей.

Святар, які быў злучыў нас фатальнымі вузамі, выявіўся зусім не святаром, а добрым таварышам Толбата. Ён жа граў ролю фурмана: замяніўшы рызу на шэры плашч, ён спрытна кіраваў дрожкамі, якія звезлі «шчаслівую пару» з горада. Толбат сядзеў поруч з ім. Такім чынам, прайдзісветы бачылі развязку і пацяшаліся, сочачы ў прачыненае акно задняга пакоя таверны за фіналам драмы. Думаю, мне давядзецца выклікаць абодвух на дуэль.

Нягледзячы на тое, што я, да маёй вялікай палёгкі, не пабраўся з уласнай прапрабабкай, я ўсё-ткі пабраўся з мадам Лаланд – мадам Стэфані Лаланд, з якой мяне клапатліва звяла мая старая сваячка, зрабіўшы мяне да таго ж спадкаемцам усяго свайго майна, калі яна памрэ, – у сэнсе, калі яна ўвогуле калі-небудзь памрэ. І нарэшце: я назаўжды зарокся пісаць мілосныя лісты і, куды б ні йшоў, нашу на носе АКУЛЯРЫ.