Светлый фон

– Так, – сказала яна, абапершыся на спінку крэсла і свабодна выцягнуўшы ніжнія канцавіны. – Так, Муасар, і Вуасар, і Круасар, і Фруасар. Але мсьё Фруасар, ён быў вельмі вялік, як у вас казай, дурань, вельмі вялік асёль, проста як вы, бо з’ехай з la belle France у эты глюп Amérique, і калі ён прыехай с’юды, ён зрабій вельмі глюп, вельмі, вельмі глюп сын, так я чуй, але яшэ не май плезір сустракай яго, і мая амі, Стэфані Лаланд, таксама не май плезір. Яго празвішч Напалеон Банапарт Фруасар, вы што сказай, ‘эта таксама не рэспектабль празвішч?

Ці то працягласць яе прамовы, ці то яе эмацыйнасць увяла місіс Сімпсан у стан надзвычайнага афекту; з цяжкасцю скончыўшы, яна, нібы апантаная, падхапілася з крэсла, абрынуўшы разам з сабой на падлогу вялізнае кубло крыналіну. Скрыгочучы ўстаўнымі сківіцамі, яна размахвала рукамі, закасаўшы рукавы, трэсла кулаком перад маім тварам і скончыла спектакль, садраўшы з галавы капялюшык, а разам з ім – вялізны каштоўны парык з раскошных чорных валасоў. Усё гэта яна з енкам ляснула аб падлогу і пачала таптаць, а потым усчала на парыку энергічнае фанданга ў шалёным прыступе раз’ятранасці і экзальтацыі.

Я між тым у жаху апусціўся на вызваленае ёй крэсла. «Муасар і Вуасар!» – паўтараў я ў задуменні, пакуль яна рабіла адно са сваіх па, і «Круасар і Фруасар!» – пакуль яна рабіла другое.

– Муасар, і Вуасар, і Круасар, і Напалеон Банапарт Фруасар! Ты, гнюсная старая змяюка, гэта я, гэта я – чула? Гэта я! – закрычаў я, даючы пеўня. – Гэта я-я-я-я! Я Напалеон Банапарт Фруасар! І я толькі што ажаніўся з уласнай прапрабабкай, каб мяне вечна перуном секла!

Мадам Эжэні Лаланд, ілжэ-Сімпсан, былая Муасар, і сапраўды была маёй прапрабабкай. У маладосці яна была прыгажуняй і нават у восемдзесят два захавала велічнасць паставы, разную форму галавы, чароўныя вочы і грэцкі нос юнай паненкі. З дапамогай жамчужнай пудры, румянаў, накладных валасоў, устаўных зубоў і крыналіну, а таксама дзякуючы самым здатным парыжскім мадысткам, яна ўмудралася захоўваць свой пачэсны пасад між не першай свежасці красуняў французскай сталіцы. У гэтым яе і насамрэч з поўным правам можна было параўнаць са слаўнавядомай Нінон дэ Ланкло.

Яна была неверагодна багатай і, застаўшыся другі раз удавой пасля бяздзетнага шлюбу, прыгадала, што ў Амерыцы ў яе ёсць я, і з мэтай адпісаць мне ўсё сваё майно выправілася ў ЗША разам з далёкай і неверагодна мілай сваячкай свайго другога мужа – мадам Стэфані Лаланд.

У оперы ўвагу маёй прапрабабкі прыцягнулі мае паводзіны, і, сузіраючы мяне ў ларнет, яна была ўражаная нашым з ёй фамільным падабенствам. Зацікаўленая гэтым і да таго ж ведаючы, што спадкаемца ў дадзены час знаходзіцца ў горадзе, яна распытала свайго спадарожніка на мой конт. Джэнтльмен, які яе суправаджаў, ведаў мяне і сказаў, хто я такі. Атрымаўшы пацверджанне нашага сваяцтва, яна ўзнавіла свой агляд – агляд, што падбадзёрыў мяне на жывапісаныя мной раней бязглуздыя паводзіны. Яна вярнула мне паклон, падумаўшы, што я выпадковым чынам дазнаўся, кім яна мне даводзіцца. Калі, падмануты сваім слабым зрокам і моднымі штукамі што да веку і чараў незнаёмкі, я з такім энтузіязмам пацікавіўся ў Толбата, хто яна такая, ён вырашыў, што я маю на ўвазе маладую красуню, і, адпаведна, сказаў мне чысцюткую праўду, маўляў, гэта «знакамітая ўдава мадам Лаланд».