Светлый фон

– Так-та-ак! – працягнуў голас, пакуль я аглядаў пакой. – Фы налісаліся як швіня, калі не заўфашылі мяне, а я сусім тут.

Тут я здагадаўся паглядзець проста перад носам: і сапраўды, насупраць мяне за сталом сядзела істота, якая не паддавалася класіфікацыі, хаця апісанню – цалкам. Яе тулавам была бочка ці то для віна, ці то для рому, ці нешта такога кшталту, і выглядала гэтае тулава сапраўды фальстафаўскім. Знізу былі прымацаваныя два кадоўбчыкі, якія мусілі замяняць ногі. Замест рук віселі рыльцамі ўніз дзве даволі доўгія бутэлькі. Галава пачвары была рыхтык гесенская пляшка і нагадвала табакерку з дзіркай пасярэдзіне вечка. Гэтая пляшка з лейкай, ссунутай набакір, нібы кавалерыйская фуражка, глядзела дзіркай на мяне; праз гэтую дзірку, якая, здавалася, моршчылася, як рот педантычнай старой дзевы, істота шыпела і хрыпела, лічачы, відавочна, гэтыя няўцямныя гукі зразумелымі словамі.

– Я башу, – сказаў ён, – што фы напіліся як швіня, бо сеціце там і не башыце, што я сяшу тут, і я башу, што фы дурны, як фарона, таму што не ферыце натрукаванаму ў труку. Гэта прафда – кошнае слофа прафда.

– Ды хто вы, дальбог? – з годнасцю, хаця і крыху разгублена, прамовіў я. – Як вы сюды трапілі? Пра што вы ўвогуле?

– Як я трапіў сюты, – адказала фігура, – не фашая спрафа, хафару я ўфогуле пра тое, пра што ўфогуле хачу хафарыць, а хто я такі, тык я прыйшоў, каб фы самі гэта пабачылі.

– Вы п’яны бадзяга, – сказаў я. – Я зараз пазваню і загадаю лёкаю выкінуць вас на вуліцу.

– Хе-хе-хе! – засмяяўся госць. – Ухіхі! Фы не зробіце гэтага.

– Не зраблю? – абурыўся я. – Што вы маеце на ўвазе? Чаго не зраблю?

– Не пасфоніце, – адказаў ён, спрабуючы пасміхнуцца сваім гнюсным ротам.

Пасля гэтых словаў я паспрабаваў падняцца, каб спраўдзіць сваю пагрозу, але нягоднік без спеху перагнуўся праз стол і ўдарыў мяне па ілбе рыльцам адной з бутэлек так, што я паваліўся назад у фатэль, з якога ўжо напалову падняўся. Я быў вельмі здзіўлены і на момант разгубіўся. Тым часам ён працягваў.

– Фось башыце, – сказаў ён. – Лепш сяціце ціха. А цяпер я фам скажу, хто я! Гляціце! Слухайце! Я – Анёл Натсфычайнасцяў!

– І надзвычайны, дальбог, – рызыкнуў я ўставіць. – Я заўсёды думаў, што ў анёлаў ёсць крылы.

– Крылы! – раззлавана ўскрыкнуў ён. – Што мне рабіць з крыламі? Майн Гот! Я фам што, курыца?

– Не-не! – адказаў я, спалохаўшыся. – Якая ж вы курыца! Безумоўна, не!

– Тады сяці ціха і пафоць сябе тобра, а то зноў кулака паспытаеш. У курыца ёсць крылы, і ў сафа ёсць крылы, і ў чарцяня ёсць крылы, і ў Фэльзефул ёсць крылы. Анёл не мае крылы, а я – Анёл Натсфычайнасцяў.