Пераклала Марыя МартысевічПераклала Марыя Мартысевіч
Анёл Надзвычайнасцяў Экстраваганца
Анёл Надзвычайнасцяў
Экстраваганца
Быў халодны лістападаўскі вечар. Я толькі што скончыў зусім не сціплы абед, у якім не апошняе месца займалі цяжкія для страўніка
калі маю ўвагу забраў наступны абзац: «Шматлікія і нечаканыя дарогі, што вядуць да смерці. Лонданская газета паведамляе пра смерць у надзвычайных абставінах. Чалавек бавіў час гульнёй «Смяротная зацяжка», у якой неабходна, глыбока ўдыхнуўшы паветра, выдзьмуць доўгую іголку, замацаваную ў бляшанай трубцы, і трапіць у мішэнь. Ён змясціў іголку не тым канцом і, набіраючы паветра, каб дзьмухнуць памацней і стрэліць ёю, уцягнуў іголку сабе ў горла. Яна ўвайшла ў лёгкія, і праз некалькі дзён ён сканаў».
Прачытаўшы гэта, я немаведама чаму раззлаваўся. «Гэты артыкул, – усклікнуў я, – паскудная мана, бессаромная ліпа, бязглуздая чмутня нейкага нікчэмнага пісакі, які нават для Эдэму сфабрыкуе катастрофу-другую. Такія людзі, ведаючы пра надзвычайную легкавернасць эпохі, скіравалі ўсю сваю дасціпнасць на выдумлянне неймаверных выпадкаў і надзвычайных, як яны кажуць, здарэнняў. Але розуму, схільнаму да аналізу (як мой, дадаў я ў дужках, па звычцы глыбакадумна наморшчыўшы лоб), да сузірання, на якое я здольны як ніхто, адразу зразумела: чароўнае памнажэнне гэтых «надзвычайных здарэнняў» і ёсць самым надзвычайным. Я, са свайго боку, надалей не збіраюся верыць таму, што нясе адзнаку выключнага».
– Майн Гот, ну ты і турань! – адказаў адзін з самых дзіўных галасоў, якія мне даводзілася чуць. Спачатку я палічыў, што ў мяне звініць увушшу: так здараецца, калі вып’еш крыху зашмат, – але добра падумаўшы, я зразумеў, што такія гукі хутчэй можна пачуць, б’ючы палкай па пустой бочцы; на гэтым бы я і спыніўся, калі б гукі не складаліся ў словы. Я па прыродзе не нервовы, да таго ж некалькі келіхаў лафіту дадалі мне смеласці, таму я не адчуў ніякага хвалявання, спакойна падняў вочы і агледзеў пакой у пошуках няпрошанага госця. Аднак зусім нікога не знайшоў.