Неймаверна задаволены сном, я зноў зірнуў на гадзіннік – і амаль паверыў у магчымасць надзвычайных здарэнняў, пабачыўшы, што замест звычайных пятнаццаці-дваццаці хвілінаў я праспаў усяго тры: гадзіннік паказваў без дваццаці сямі шэсць. Я зноў заснуў, потым прачнуўся і вельмі здзівіўся, зразумеўшы, што ў мяне па-ранейшаму засталося дваццаць сем хвілінаў. Я ўскочыў праверыць гадзіннік і выявіў, што ён не працуе. Мой кішэнны гадзіннік паказваў палову восьмай; праспаўшы дзве гадзіны, я, безумоўна, спазніўся на сустрэчу.
«Ну і што, – падумаў я, – зайду туды зранку і выбачуся. Але што здарылася з гадзіннікам?» Пасля праверкі выявілася, што адна з костачак вінаграду, якія я раскідваў па пакоі падчас маналога Анёла Надзвычайнасцяў, пераляцела цераз разбітае шкло і выпадкова засела ў шчыліне для заводу, спыніўшы рух хвіліннай стрэлкі.
– О, – прамовіў я, – цяпер я разумею. Усё відавочна. Такое бывае.
Я больш не думаў пра гэты выпадак і пайшоў спаць у звычайны час. Паставіўшы свечку на пюпітр у галавах ложка, я паспрабаваў засяродзіцца на «Усюдыіснасці Бога»*, аднак, на вялікі жаль, менш чым за дваццаць секундаў заснуў, пакінуўшы святло гарэць.
Маім снам жахліва перашкаджаў Анёл Надзвычайнасцяў. Мне здавалася, што ён стаіць ля ложка, рассоўвае занавескі і найагіднейшым замагільным голасам бочкі для рому пагражае мне самай страшнай помстай за маё кепскае да яго стаўленне. Пасля доўгага рассусольвання ён зняў лейку, засунуў яе мне ў горла і так паіў мяне цэлым акіянам Kirschenwasser, які ліўся бясконцым струмянём з бутэлькі з доўгім рыльцам, што замяняла яму руку. Урэшце мая агонія стала невыноснай, і я прачнуўся акурат у час, каб заўважыць, што пацук сцягнуў запаленую свечку, але запозна, каб перашкодзіць яму збегчы са сваёй здабычай у дзірку. Вельмі хутка мой нос адчуў задушлівы пах, і я зразумеў, што дом гарыць. Праз некалькі хвілінаў полымя ўжо распаўсюджвалася са страшэннай сілай, і хутка ўвесь будынак быў ахоплены агнём. Усе выхады з майго пакоя, акрамя акна, былі адрэзаныя. Аднак неўзабаве сабраўся натоўп, і мне прынеслі доўгую лесвіцу. Спускаючыся па ёй, я ўжо быў паверыў у сваё выратаванне, калі вялізная свіння, чыё круглае пуза, і пыса, і ўвесь выгляд чымсьці нагадалі мне Анёла Надзвычайнасцяў, – свіння, якая да гэтага спакойна спала ў брудзе, раптам вырашыла, што трэба пачухаць левы бок, і не знайшла для гэтага нічога лепшага за маю лесвіцу. Праз імгненне я грымнуўся і, на сваё няшчасце, зламаў руку.
Гэты выпадак, разам са стратай страхоўкі і стратай больш сур’ёзнай – валасоў, якія гарам згарэлі ў полымі, настроіў мяне на сур’ёзны лад, і я вырашыў ажаніцца. Побач жыла адна багатая ўдава, якая пахавала сёмага мужа, і яе параненаму сэрцу я прапанаваў бальзам шлюбнай клятвы. Яна сарамліва паддалася маім благанням. Удзячны і захоплены, я ўкленчыў ля яе ног з пачуццём падзякі і захаплення. Яна пачырванела, і яе шыкоўныя валасы спляліся з маімі, часова пазычанымі ў Гранжана. Я так і не зразумеў, як здарыўся гэты канфуз. Я падняўся без парыка, свецячы лысінай, а ахопленую гневам і пагардай удаву напалову схавалі чужыя валасы. Так непрадказальны выпадак, які, аднак, быў вынікам цалкам звычайнага збегу абставінаў, загубіў мае надзеі на ўдаву.