Светлый фон

– Хто фы такі і якога шорта там робіце?

На гэтае жорсткае і нахабнае пазёрства я змог выціснуць толькі: «Ратуйце!»

– Ратафаць? – адазваўся нягоднік. – Не-а. Фось фам бутэлька, частуйцеся і ідзіце к шорту!

З гэтымі словамі ён кінуў цяжкую бутэльку кіршэнвасэру, якая трапіла мне ў галаву і, здаецца, выбіла адтуль усе мазгі. Засмучаны гэтай стратай, я ўжо быў гатовы выпусціць вяроўку і прыгожа памерці, але мяне спыніў крык Анёла:

– Трымайсеся! – прамовіў ён. – Не спяшайсеся. Хошасе яшчэ бутэльку, ці фы ўшо цфяросы і прыйшлі ў сябе?

Я хуценька двойчы пахітаў галавой: першы раз адмоўна, паказваючы, што яшчэ адной бутэлькі мне не трэба, другі – станоўча, дэманструючы, што я ўжо цвярозы і цалкам прыйшоў у сябе. Анёл памякчэў.

– Ну, фы нарэшце паферылі? – спытаў ён. – Паферылі ў машліфасць надсфычайнага?

Я яшчэ раз кіўнуў.

– І фы ферыце ў мяне, Анёла Натсфычайнасцяў? Я кіўнуў.

– І фы расумееце, што фы п’яніса і турань? Я кіўнуў.

– Тады пакладзіце правую руку ў левую кішэню штаноў на знак поўнага патпараткафання Анёлу Натсфычайнасцяў.

З пэўных прычынаў мне падалося гэта немажлівым. Папершае, левую руку я зламаў, зваліўшыся з лесвіцы, і таму, калі б я выпусціў вяроўку з правай рукі, левая не змагла б мне дапамагчы. Па-другое, мае штаны скрала варона. Таму я пачаў адмоўна хітаць галавой, каб паказаць, што выканаць цалкам разумнае патрабаванне Анёла я цяпер не магу. Але я не паспеў зрабіць нават гэтага.

– Ідзі к шорту тады! – пракрычаў Анёл Надзвычайнасцяў. З гэтымі словамі ён дастаў востры нож і перарэзаў вяроўку, за якую я трымаўся. Так выйшла, што мы праляталі акурат над маім домам (які падчас маіх падарожжаў быў цудоўненька адбудаваны). Я ўпаў галавой уніз у комін і ляснуўся ў камін у сталовай.

Ачуняўшы пасля такога аглушальнага падзення, я зразумеў, што цяпер недзе чатыры гадзіны раніцы. Я ляжаў у тым самым месцы, куды зваліўся з шару. Мая галава была сярод попелу, а ногі – на аскепках століка сярод рэшткаў дэсерту, змяшаных з газетамі, разбітым шклом, перакуленымі бутэлькамі і пустым гарлачыкам з-пад кіршэнвасэру. Так мне адпомсціў Анёл Надзвычайнасцяў.

Пераклала Кацярына Дубоўская
Пераклала Кацярына Дубоўская

“Ты – той чалавек”

“Ты – той чалавек”

Я – Эдып, што разгадаў загадку Грукатаўна. Зараз я растлумачу вам – бо толькі я магу гэта зрабіць – таямніцу машынерыі, што спарадзіла грукатаўнскі цуд, унікальны, сапраўдны, няўхільны і няўмольны цуд, які паклаў пераможны канец нявер’ю грукатаўнцаў і навярнуў у старэчую праведнасць нават тых, хто раней думаў толькі пра плоць і выхваляўся сваім скептыцызмам.