Дама (я быў шалёна здзіўлены тым, што яе назвалі мадам Жуаёз, пасля апісання мадам Жуаёз, якое мы толькі што ад яе пачулі), пачырванеўшы да вушэй, выглядала вельмі прысаромленай гэтай заўвагаю. Яна апусціла галаву і не прамовіла ні слова, але размову падхапіла іншая дама, маладзейшая. Гэта была мая знаёмая – прыгожая дзяўчына з маленькае гасцёўні.
– О, мадам Жуаёз была ідыёткай! – усклікнула яна. – А вось у меркаваннях Эжэні Сальсафет сапраўды адчуваўся здаровы розум. Гэта была вельмі прыгожая і хваравіта сціплая маладая лэдзі, якая лічыла звычайны спосаб апранацца непрыстойным і хацела быць не ўнутры свайго адзення, а звонку. Зрэшты, гэта вельмі лёгка. Трэба толькі зрабіць так, потым вось так, вось так і нарэшце…
–
На мае нервы гэты лямант паўплываў вельмі гнятліва, але да астатніх я адчуў сапраўды шчымлівае шкадаванне; ніколі ў сваім жыцці я не бачыў нармальных людзей такімі спалоханымі. Яны збляднелі, быццам мерцвякі, скурчыліся на крэслах і, прыслухоўваючыся да крыкаў, дрыжалі і ляскалі зубамі ад жаху. Крыкі паўтарыліся, гучней і, як мне падалося, бліжэй, потым яшчэ раз, вельмі гучна, і яшчэ раз, з нашмат меншай сілаю. Калі стала відавочна, што шум сціхае, настрой гасцей падняўся, усе ажывіліся, і зноў пасыпаліся жарты. Тут я наважыўся спытацца пра прычыны такога хвалявання.
– Чыстая дробязь, – сказаў мсьё Маяр. – Мы ўжо да гэтага прывыклі і насамрэч амаль не хвалюемся. Часам вар’яты ўсе разам усчынаюць выццё; адзін падхоплівае за другім, як гэта бывае ўначы ў сабачых зграях. Здараецца, праўда, што такія канцэрты скавытанняў суправаджаюцца спробамі вызваліцца; тады, канечне, пэўная небяспека існуе.
– А колькі хворых тут у вас пад апекаю?
– Цяпер не больш за дзесяць.
– У асноўным жанчыны, як я разумею?
– О не, усе мужчыны. Моцныя хлопцы, скажу я вам.
– Няўжо? Я заўсёды думаў, што большасць вар’ятаў належаць да слабога полу.
– Найчасцей так, але не заўсёды. Не так даўно тут было дваццаць сем пацыентаў, і з іх не менш за васямнаццаць жанчынаў, але потым, як бачыце, усё моцна змянілася.
– Так, усё, як бачыце, моцна змянілася, – перарваў нас джэнтльмен, які ледзь не пераламаў ногі мадэмуазэль Лаплас.