Светлый фон

– Не сумняюся, – адказаў я.

– А яшчэ, – сказаў хтосьці, – быў тут адзін мілы свавольнік, упэўнены, што ён дробка табакі, які бязмежна расстройваўся, бо не мог узяць сябе вялікім і ўказальным пальцамі.

– А яшчэ тут быў Жуль Дэзульер, сапраўдны, выключны геній, скажу я вам, які зрухнуўся на думцы, што ён гарбуз. Ён даймаў кухара, каб той запёк яго ў пірог, а кухар абурана адмаўляўся. Што да мяне, то я зусім не ўпэўнены, што гарбузовы пірог а-ля Дэзульер быў бы такім ужо нясмачным.

– Надзвычайна! – сказаў я, запытальна гледзячы на мсьё Маяра.

– Ха-ха-ха! – сказаў гаспадар. – Хе-хе-хе! Хі-хі-хі! Хо-хохо! Гы-гы-гы! Цудоўна! Не здзіўляйцеся так, mon ami. Наш сябар жартаўнік, drôle,[117] не варта разумець яго літаральна.

drôle

– А яшчэ, – сказаў нейкі іншы госць, – было тут адно пудзіла гарохавае, таксама свайго роду выбітны суб’ект. Ён з’ехаў з глузду ад кахання і ўявіў, што ў яго дзве галавы, адна – Цыцэронава, а другая – ад ілба да рота Дэмасфенава і з падбароддзем лорда Брума*. Магчыма, ён і памыляўся, але ўпэўніць вас у сваёй рацыі мог як ніхто, бо быў выключным аратарам. Ім валодала неўтаймоўная жарсць прамаўляць, ён проста не мог утрымацца ад публічных выступаў. Бывала, заскочыць на стол – вось так – і як пачне…

Тут адзін з суседзяў прамоўцы паклаў яму на плячо руку і прашаптаў на вуха некалькі словаў, пасля чаго той неахвотна змоўк і паныла сеў назад на крэсла.

– А яшчэ, – пачаў той самы сусед, – быў тут Буларваўчок. Я называю яго ваўчком, бо ён, па сутнасці, быў апанаваны дзівацтвам, не такім ужо, зрэшты, абсурдным… фантазіяй, што яго ператварылі ў ваўчок. Вы б памерлі ад рогату, калі б яго пабачылі. Ён мог цэлую гадзіну круціцца на адным абцасе, прыкладна вось так…

Тут ягоны таварыш, якога ён кагадзе спыніў шэптам, зрабіў тое самае з ім.

– А ўсё-ткі, – закрычала на ўвесь голас нейкая старая дама, – ваш мсьё Булар быў вар’ят, і да таго ж найдурнейшы вар’ят. Хто, скажыце вы мне, хто хоць калі-небудзь чуў пра чалавека-ваўчка? Гэта ж бязглуздзіца нейкая. Вось мадам Жуаёз мела нашмат больш цвярозы розум, як вы ведаеце. У яе таксама была фантазія, але фантазія, поўная здаровага сэнсу і прыемная ўсім, хто меў гонар ведаць мадам. Па сталым роздуме яна прыйшла да высновы, што нейкім чынам ператварылася ў маладога пеўніка, і пачала паводзіцца адпаведна. Яна проста дзівосна лопала крыламі – вось так, вось так, вось так! А яе кукарэканне… яно проста зачароўвала! Кукарэку! Кукарэку! Кукарэку-куку-ку-у-у-у!..

– Мадам Жуаёз, я прашу вас паводзіць сябе прыстойна! – спыніў яе наш гаспадар, вельмі раззлаваны. Альбо вы будзеце паводзіць сябе як належыць лэдзі, альбо зараз жа пакінеце стол. Выбірайце!