Светлый фон

Яскравым прыкладам таго, як празмерная сцісласць пашкодзіла вершу, не даўшы публіцы звярнуць на яго ўвагу, можа служыць наступная вытанчаная маленькая «Серэнада»*:

Мала каму, мабыць, вядомыя гэтыя радкі, хаця іх аўтар – такі буйны паэт, як Шэлі. Цеплыню іх вобразаў, далікатных і вытанчаных, здольны ацаніць кожны, і глыбей за ўсіх той, хто сам узлятаў у салодкіх крозах пра каханую, каб патануць у духмяным паветры паўднёвай летняй ночы.

Адзін з найлепшых вершаў Ўіліса* – па-мойму, найлепшы з усяго, што ён напісаў, – менавіта праз гэты недахоп – празмерную сцісласць – не здолеў заняць належнае месца ў суджэннях як крытыкаў, так і чытачоў.

Складана пазнаць у гэтым творы Ўіліса, які напісаў столькі нязначных салонных вершаў. Радкі не толькі багатыя і бездакорныя, але і поўныя энергіі, аднак пры гэтым дыхаюць відавочнай і сур’ёзнай шчырасцю пачуцця, якія б мы марна шукалі ў іншых творах Ўіліса.

Пакуль эпічная манія, пакуль ідэя пра тое, што без шматслоўнасці ў паэзіі пашаны не заслужыць, цягам апошніх гадоў, выключна праз сваю бязглуздасць, паступова памірае ў меркаваннях публікі, мы бачым, як наўзамен ёй ідзе ерась занадта відавочная і ілжывая, каб яе можна было доўга цярпець, але якая за кароткі час свайго існавання прынесла нашай паэзіі больш шкоды, чым усе астатнія яе ворагі, разам узятыя. Я маю на ўвазе ерась, якую называюць дыдактызмам. Прынята лічыць, моўчкі і ўголас, наўпрост і ўскосна, што асноўная мэта любой паэзіі – ісціна. Лічыцца, што кожны верш мусіць несці мараль, і па гэтай маралі трэба ацэньваць вартасць твора. Мы, амерыканцы, з асаблівым імпэтам падтрымліваем гэтую ідэю, больш за тое – мы, бостанцы, надзвычай ахвотна развілі яе напоўніцу. Мы забралі сабе ў галаву, што напісаць верш проста дзеля верша ды яшчэ і прызнацца ў гэтым – значыць прадэманстраваць адсутнасць сапраўднай паэтычнай велічы і сілы; аднак калі б мы насамрэч дазволілі сабе зазірнуць у глыбіню свае душы, мы б адразу зразумелі, што няма пад сонцам і ніколі не існавала – дый не можа існаваць – твора, больш велічнага, больш высакароднага, чым гэты самы верш, верш per se,[133] верш, які ёсць толькі вершам і больш нічым, верш, напісаны выключна дзеля самога верша.

per se

Адчуваючы да ісціны такую глыбокую пашану, якую толькі можа адчуваць чалавек, я, тым не менш, у пэўнай ступені абмежаваў бы спосабы яе насаджэння. Абмежаваў бы з мэтай узмацніць іх. Я не паслабляў бы іх рассейваннем. Патрабаванні ісціны суворыя. Ёй няма справы да міртавых вянкоў. Тое, без чаго ў песні ніяк не абысціся, – гэта акурат тое, з чым ісціна не мае нічога агульнага. Упрыгожваць яе каштоўнасцямі і кветкамі – значыць рабіць з яе вычварны парадокс. Змагаючыся за ісціну, мы маем патрэбу хутчэй у строгай, а не расквечанай мове. Мы мусім быць простымі, дакладнымі, нешматслоўнымі. Мы мусім быць халоднымі, спакойнымі, бясстраснымі. Адным словам, мы мусім быць у тым стане, які як мага больш процілеглы паэтычнаму. Напраўду сляпы той, хто не бачыць карэннай і непераадольнай розніцы паміж перакананнем з дапамогай ісціны і перакананнем з дапамогай паэзіі. Невылечна хворы тэарэтык той, хто, нягледзячы на гэтае адрозненне, усё ж настойліва спрабуе змяшаць алей і ваду – паэзію і ісціну.