Светлый фон

Так трываю страх і вусціш я ля мармуру, на бюсце ж —

Госць, якога не адпусціш, бо ўладарыць ён цяпер:

Беручы душу ў аблогу, кінуў цень на ўсю падлогу, І не збавіцца ад злога ценю гібельных хімер! І душа з палону злога, з віру гібельных хімер

Больш не вернецца, не вер!

Пераклала Ганна Янкута
Пераклала Ганна Янкута

Паэтычны прынцып

Паэтычны прынцып

Гаворачы пра паэтычны прынцып, я не прэтэндую ні на грунтоўнасць, ні на глыбіню. Разглядаючы, галоўным чынам бессістэмна, самую сутнасць таго, што мы называем паэзіяй, я перш за ўсё хачу схіліць вас да развагаў і прапаную некалькі дробных вершаў ангельскіх і амерыканскіх паэтаў, якія найбольш падыходзяць для маёй задумы або, як мне здаецца, пакідаюць найбольш пэўнае ўражанне. Гаворачы «дробныя вершы», я, безумоўна, маю на ўвазе вершы невялікага памеру. І ў пачатку дазвольце мне сказаць некалькі словаў пра адзін досыць дзіўны прынцып, які, справядліва ці не, заўсёды ўплываў на маю крытычную ацэнку верша. Я лічу, што доўгіх вершаў або паэмаў не існуе. Я сцвярджаю, што выраз «вялікі верш» – не больш чым супярэчнасць у тэрмінах.

Наўрад ці варта гаварыць, што верш мае права называцца вершам толькі тады, калі ён хвалюе, узвышаючы душу. Яго вартасць прапарцыйная гэтаму ўзвышанаму хваляванню. Аднак любое хваляванне хутка мінае: такая ўласцівасць нашых душаў. Тая ступень хвалявання, якая дазваляе вершу так называцца, не можа захоўвацца на працягу ўсяго твора вялікага аб’ёму. Максімум пасля паловы гадзіны чытання яно слабее, заціхае, ператвараецца ў нешта іншае – і тады верш, па сутнасці, перастае быць вершам.

Несумненна, многім падалося складаным прымірыць, з аднаго боку, сцверджанне крытыкаў, нібыта мілтанаўскім «Страчаным Раем» неабходна шчыра захапляцца цягам чытання ўсяго твора, і, з другога боку, абсалютную немагчымасць, чытаючы згаданую паэму, падтрымліваць у сабе патрабаваны крытыкамі ўзровень захаплення. Фактычна гэты вялікі твор можна назваць паэтычным толькі ў тым выпадку, калі, адкінуўшы найважнейшае патрабаванне да ўсіх твораў мастацтва – патрабаванне адзінства, – мы будзем разглядаць яго выключна як шэраг невялікіх вершаў. Калі ж дзеля захавання адзінства, цэласнасці ўражання ці ўздзеяння мы прачыталі б яго за адзін раз, то ў выніку нашае хваляванне ўвесь час то нарастала, то змяншалася б. Пасля сапраўды паэтычнага ўрыўку нязменна ідуць банальнасці, і ніякія прадпісанні крытыкаў не прымусяць нас імі захапляцца; аднак калі, скончыўшы паэму, мы возьмемся яе перачытваць, прапусціўшы першую кнігу (то бок адразу пачаўшы з другой), мы будзем здзіўленыя, заўважыўшы, як захапляе нас тое, што раней абурала, і як абурае тое, чым мы зусім нядаўна так захапляліся. З гэтага вынікае, што канчатковае, сумарнае, ці абсалютнае ўражанне нават ад найлепшай у свеце эпічнай паэмы роўнае нулю – і гэта бясспрэчны факт.