Раздзяліўшы свядомасць на тры відавочныя галіны, мы маем чысты розум, густ і маральнасць. Я змяшчаю густ пасярэдзіне, бо гэта акурат тое месца, якое ён займае ў свядомасці. Ён цесна судакранаецца з іншымі галінамі, аднак аддзелены ад маральнасці такой малазаўважнай мяжой, што Арыстоцель не вагаючыся аднёс некаторыя яго праявы да маральных якасцяў. Тым не менш мы бачым, што функцыі частак гэтай трыяды маюць дастаткова адрозненняў. Гэтаксама як розум мае дачыненне да ісціны, так густ паведамляе нам пра прыгожае, а маральнасць клапоціцца пра абавязак. Гаворачы пра апошні складнік, можна дадаць, што сумленне вучыць нас паважаць абавязак, розум тлумачыць яго мэтазгоднасць, тым часам як густ толькі дэманструе яго прывабнасць, абвяшчаючы вайну заганам выключна таму, што яны выродлівыя, непрапарцыйныя, варожыя ўсяму цэльнаму, сувымернаму і гарманічнаму – адным словам, прыгожаму.
Такім чынам, несмяротны інстынкт, што жыве ў глыбіні чалавечага духу, – гэта, папросту кажучы, пачуццё прыгожага. Менавіта яно дапамагае чалавеку атрымаць асалоду ад шматстайнасці формаў, гукаў, пахаў і адчуванняў, сярод якіх ён існуе. Як лілея адбіваецца ў возеры, а вочы Амарыліс* – у люстэрку, так і вуснае ці пісьмовае ўзнаўленне гэтых формаў, гукаў, колераў, пахаў і адчуванняў падвойвае крыніцу асалоды. Аднак такое паўтарэнне не ёсць яшчэ паэзіяй. Той, хто проста спявае, хай сабе з палкай захопленасцю ці жывой праўдападобнасцю ўзнаўлення, пра вобразы, гукі, водары і пачуцці, дасягальныя для яго, як і любога іншага чалавека, не даказвае свайго права на боскае званне. У далечыні ўсё яшчэ засталося нешта, чаго ён не здолеў дасягнуць. Усё яшчэ ёсць у нас неспатольная смага, для спатолі якой ён не паказаў нам крыштальных ручаёў. Смага гэтая належыць несмяротнасці чалавечай. Яна адначасова і вынік, і прыкмета ягонага спрадвечнага існавання. Яна – імкненне матылька да зораў. Гэта не проста спасціжэнне прыгажосці наўкола нас, гэта і адчайная спроба сягнуць прыгажосці вышняй. Натхнёныя экстатычным прадбачаннем хараства па той бок магілы, мы змагаемся за тое, каб у шматстайных спалучэннях часовых рэчаў і думак здабыць хаця б крыху таго прыўкраснага, кожная часцінка якога, магчыма, належыць адзіна вечнасці. І таму тады, калі паэзія – або музыка, найбольш чароўная сярод усяго паэтычнага, змушае нас залівацца слязьмі, мы плачам не ад вялізнае асалоды, як меркаваў абат Гравіна*, а ад нейкай нецярплівай, нястрымнай скрухі, спароджанай нашай няздольнасцю цяпер, тут, на зямлі, адразу і назаўсёды, напоўніцу спазнаць гэтую боскую і натхнёную радасць, няўлоўную і хісткую згадку пра якую дорыць нам верш або мелодыя.