Светлый фон

Што датычыць «Іліяды», то мы маем калі не зусім дакладныя, дык несумненна надзвычай важкія доказы таго, што аўтар задумаў яе як шэраг лірычных вершаў; але, дапускаючы магчымасць задумы яе як эпасу, мы можам сказаць, што яна вырасла з недасканалага разумення мастацтва. Сучасны эпас – гэта не больш чым бяздумнае і сляпое перайманне няправільна зразуметых старажытных узораў. Аднак час такіх мастацкіх анамаліяў мінуў. Калі і здаралася такое, што вельмі доўгая паэма насамрэч была папулярнай (у чым я моцна сумняюся), то відавочна, што ніякая вельмі доўгая паэма больш ніколі папулярнай не будзе.

Меркаванне пра тое, што памер паэтычнага твора, ceteris paribus,[130] можа быць крытэрам яго ацэнкі, сфармуляванае такім чынам, несумненна, палічаць досыць бязглуздым, аднак гэтым мы абавязаныя нашым часопісам, у тым ліку «Куотэрлі Рэв’ю». Напраўду не можа быць нічога адмысловага ў абстрактна разгледжаным памеры твора, як не можа быць нічога адмысловага ў аб’ёме тых кніг, якімі так часта захапляюцца гэтыя суворыя выданні. І калі гара аднымі сваімі памерамі і той колькасцю месца, якое яна займае ў прасторы, выклікае ў нас узвышанае і ўзрушанае пачуццё, то ніводны чалавек не будзе гэтаксама ўражаны грандыёзным памерам «Калумбіяды»*. Нават усялякія «Куотэрлі» пакуль не раілі нам захапляцца творам у такім аспекце. Часопісы ніколі не настойвалі яшчэ на тым, каб мы ацэньвалі Ламарціна* ў кубічных футах, а Полака* – у фунтах, аднак ці можам мы зразумець нейкім іншым чынам іх пастаяннае раздабарванне на тэму «вялізных высілкаў»? Калі з дапамогай «вялізных высілкаў» нейкі спадарок накрэмзае эпічную паэму, шчыра ўхвалім яго за тыя самыя высілкі (калі яны хоць чагосьці вартыя), але давайце ўстрымаемся ад пахвалаў ягонаму твору выключна з гэтых прычынаў. Можна спадзявацца, што ў будучыні дзякуючы здароваму сэнсу людзі пачнуць меркаваць пра твор мастацтва ў адпаведнасці з уражаннем, якое ён стварае, уражаннем, якое спараджае, а не зыходзячы з часу, неабходнага для дасягнення гэтага ўражання, ці колькасці «вялізных высілкаў», што спатрэбіліся, каб некага ўразіць. Справа ў тым, што стараннасць – гэта адно, а талент – зусім іншае, і ніякія «Куотэрлі» ва ўсім хрысціянскім свеце не змогуць гэтага абвергнуць. І паступова гэтае меркаванне, разам з некаторымі іншымі, прапанаванымі мной, будзе прынятае як відавочнае. Аднак пакуль іх адмаўляюць як памылковыя – што ніякім чынам не перашкаджае іх правільнасці.

ceteris paribus

З другога боку, не выклікае сумневаў і тое, што верш можа быць недаравальна кароткім. Празмерная сцісласць выраджаецца ў голы эпіграматызм. Хоць вельмі кароткі верш і можа часам быць яскравым і жывым, ён ніколі не створыць глыбокага або працяглага ўражання. Пячатка мусіць раўнамерна ўціскацца ў сургуч. Беранжэ* напісаў незлічоную колькасць твораў, вострых і натхнёных, аднак у большасці сваёй яны занадта бязважкія, каб глыбока ўпячатацца ў грамадскую думку, і праз гэта іх, як і многія іншыя пёркі фантазіі, знесла лёгкім павевам ветрыку.