...Чыталася, думалася пра тое — падчас напісання „Бэзавага попелу” (аповесці-эсэ паводле ліставання з Міхасём Стрельцовым)... Напісанае — не ўключыла ў тэкст. (Мабыць, правільна зрабіла — хапіла i так правінцыйна-кухарскіх „трактовак” паводле таго допісу). Пазней — былі разважанні падчас роздуму над матэрыялам пра Анатоля Сыса. Пісалася пра тое, што калі згадаю гэтага паэта, дык помняцца не буянствы ў Доме літаратара, або якія эскапады гэткага ж кшталту, а — яго вочы, аблічча — падчас пахавання Жэні Янішчыц: нейкае вінаватае здзіўленне, поўная адстароненасць ад усіх i ад усяго, нібыта ён недзе там, не з намі, а з ёю, улоўлівае „туманны ход іншых сусветаў”, дзе „ад пакутаў нябёсы смягнуць” i „церні німбамі прараслі”... Ці — яшчэ — нейкі сонечны велікодны дзень i — ён, нечакана, каля касцёла: святочна-ясны, супрычасны свету небудзённасці, нечаму вясёламу — ці то хрысціянска-вызначанаму, ці то паганска-стыхійнаму... (Калі пісалася i друкавалася гэтае эсэ, нават i ў голаў не прыходзіла, што неўзабаве i пра Анатоля Сыса давядзецца весці гаворку ў мінулым часе — адышоў ад нас раптоўна, трагічна, майскім днём... У 44 гады...)
... Драматызм лёсаў... Трагедыі творчых асоб... A калі адысці ад гэтай тэмы i наблізіцца да, так бы мовіць, больш агульных культуровых калізій... Можа, не да вольнай прасторы духоўных рэалій, а — да каардынатаў паміж імгненнямі i бясконцасцю, сутнасцямі i падзеямі. Сасклізваючы да праставатых фактаў рэчаіснасці.
Згадаўся, паміж іншым, такі факт. Пачула неяк ад аднаго таленавітага, сімнатычнага чалавека, у рангу не толькі літаратурным, a i чыноўным, так бы мовіць, пра гэтую сумную табель. Аб рангах. У досыць драматычны момант.
Потым доўга думалася — якія рангі? Літаратурныя? Ix не так проста вызначыць. Народныя? Заслужаныя? Улаўраваныя? Але ж ні Максім Багдановіч, ні Максім Гарэцкі, ні Кузьма Чорны, ні Уладзімір Караткевіч народнымі, паводле ўказаў i загадаў, не былі. Лаўрэаты? Але ж, напрыклад, Міхась Стральцоў толькі пасмяротна атрымаў прэмію. Рыгор Бярозкін i пасмяротна той казённай ласкі не меў. А сёння — ці лаўрэат якой прэміі — нашай краіны, краіны Беларусь, еўрапейскага кшталту паэт, для якога эмпірыка асабістага існавання — толькі штуршок для ўяўлення высокай явы Быцця: Ян Чыквін. Явы Быцця, што насычана вопытам гісторыі i культуры, вопытам, які творча асэнсоўвае паэт: удумлівы вучоны, філосаф, культуролаг, выдавец. Або — бліскучы празаік Сакрат Яновіч? Ужо перасягнуўшы мяжу, што лучыць з вечнасцю, паэт Янка Юхнавец?