Прасторава яны за межамі Беларусі, але ж ствараюць беларускую літаратуру, беларускую культуру, маюць высокі ўплыў на духоўнасць нацыі. Межы, памежжы, замежжы яны не замінаюць гучанню Слова, пранікненню Духа. Дух вее, дзе хоча. — „Spiritus flat ubi vult”.
А як акрэсліць паэтычныя i навуковыя дэфініцыі Галіны Тварановіч, што па сутнасці першая на Беларусі ў сённяшнім гістарычным часе звярнулася да вершаў духоўных, рэлігійных, накрэсліла шляхі на славянскіх навуковых пуцявінах, распачаўшы выданне навуковага часопіса ў Беластоку, пераехаўшы ў Польшчу на выкладчыцкую працу.
Вяртаючыся ж да тых, хто на зямлі Беларусі вызнае i вяртае нам у слове быццё духа. Ці ўганараваныя — адпаведна свайму месцу ў беларускай літаратуры паэт i філосаф Алесь Разанаў? Паэт, публіцыст i грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі? Паэт i перакладчыца Ніна Мацяш? Паэт Данута Бічэль? Паэты Алесь Каско i Мар’ян Дукса? А Вера Вярба — паэт, што не мае ўвогуле аніякай прэміі? A даследчыкі-адраджэнцы Вячаслаў Рагойша, Янка Саламевіч, Генадзь Кісялёў? Урэшце — дзвюхмоўныя i шматжанравыя Валянцін Тарас i Барыс Бур’ян?
А як вызначыць сённяшнюю духоўную, літаратурную, перакладчыцкую, культуровую дзейнасць празаіка, паэта, галоўнага рэдактара „Нашай Нівы” Крыстыны Лялько?
Калі весці гаворку больш шырока, дык, напрыклад, напачатку XX стагоддзя самымі папулярнымі былі тыя, каго цяпер ведаюць толькі літаратуразнаўцы. У рускай літаратуры — Патапенка, Крастоўскі, Вярбіцкая... A засталіся для культуровага свету: Антон Чэхаў, Аляксандр Блок, Іван Бунін...
Германа Мелвіла па-сапраўднаму ацанілі толькі ў XX стагоддзі. Ва ўсёй паўнаце таленту стаў вядомы праз добрыя 20 год пасля смерці Міхаіл Булгакаў. Не кажу пра тыя імёны, што на дзесяцігоддзі былі выкрэсленыя на прасторы былога СССР. Ларыса Геніюш, напрыклад.
A ўвогуле — нават калі пісьменнік быў валадаром думак, як Леў Талстой, або кнігі выходзілі такімі непамыснымі тыражамі, як у Хэмінгуэя, дык „ранг” тут быў чыста літаратурны.
A. Чэхаў паводле сваіх „рангаў” пісаў А. Суворыну: „Мае таварышы па універсітэце ўжо стацкія саветнікі. Адзін толькі я даслужыўся... да кукіша з маслам. Нават калежскім рэгістратарам не быў”. (Чэхаў у казённай іерархіі лічыўся чыноўнікам 14класа).
A пушкінскае камер-юнкерства? A салдацкі шынель Баратынскага? A „пасады” дрывасека i чорнарабочага Цыпрыяна Норвіда?
Увогуле ж кожны час вызнае свае, як сёння кажуць, прыярытэты. Вось зусім нядаўна на нашай роднай беларускай прасторы было вельмі важна, каб дастачыцца таго, вядомага: „Усе мы з хат.” Цяпер іншыя павевы. Многія з тых самых людзей, што абавязкова падкрэслівалі сваю сялянскую ўгрунтаванасць, сёння сцвярджаюць: „Мы — эліта”.