Прыгадваліся гэтыя радкі з „Яўгена Анегіна”, калі чытала ўспаміны пра таго ж Пушкіна, Лермантава... Пра Андрэя Белага (Зінаіды Гіпіус). „Мёртвага ільва кусаюць нават шчанюкі”. Хаця i жывога... Уварваць, што ўдасца, паказытаць, кусануць, каб доўга не ачомаўся, — любы занятак...
... Джэка Лондана ашуквалі з усіх бакоў: ён даваў, прыяцелі бралі. Бралі i так, як газетчык Ноўл, якому пісьменнік аддаў права перарабіць „Марскога воўка” для экрана, a Ноўл перапрадаў ix. I Лондан, заключаючы кантракт на экранізацыю ўласнага твора, павінны быў выкупляць правы... I г.д.
A фільм Бунюэля i Сальвадора Далі „Андалузскі шчанюк”, у якім Далі ўчыніў расправу над даўнім сваім сябрам — Федэрыка Гарсія Лоркам! Здзеклівы кпін — ужо ў самой назве: „андалузскімі шчанюкамі” называлі жыхароў паўднёвай Іспаніі, яно мела на ўвазе — недавярак, няўклюда, расцяпа. А сюррэалістычны мастакоўскі код (i ход) лёгка дэшыфраваўся людзьмі эстэтычна i жыццёва паінфармаванымі.
Аб прычынах гэтага эпілогу сяброўства можна здагадвацца, прачытаўшы ў аўтабіяграфічнай кнізе Далі: „ Я стаў пазбягаць сустрэч з Лоркам i кампаніяй, якая ўсё больш відавочна рабілася яго кампаніяй. Гэта быў апагей яго ўплыву, якому ніхто не мог супрацьстаяць i, мабыць, тады, адноечы ў жыцці, мне давялося зведаць нешта падобнае на пакуты рэўнасці”. I яшчэ: „...здань Федэрыка Гарсія Лоркі. Ахутала i ледзь не знішчыла прыродную самабытнасць маёй натуры”. І вось — „Андалузскі шчанюк”!
Уж эти мне друзья, друзья!
...Мемуары, біяграфічныя даследаванні, біяграфічныя аповесці, раманы, біяграфічныя дакументы i ігравыя фільмы — з’ява датклівая i далікатная. Меру аб’ектыўнасці i мастакоўскай ісціннасці, праваты вызначыць вельмі няпроста. І досыць частыя — так бы мовіць, свецкія кананізацыі, i слоўныя карціны-лубкі, ці, наадварот, збор усіх памыйных плётак, небыліц i бяссэнсіц... Або гэткая кухарска-побытавая аплікацыя, з банцікамі i фальбонкамі, міленькі-мізэрненькі, просталінейна-замілаваны, стэрэатыпна-дабрадзейны партрэцік — безумоўна, з лепшых намераў. Чытаеш — i не разумееш: няўжо гэты рассіроплены дзядзечка стварыў высокае, сапраўднае? Вечнае?