Даследчыкі, біёграфы, белетрысты-біёграфы звычайна абапіраюцца на першапачатковыя дакументы, успаміны — тыя ж самыя — блізкіх, сваякоў, сяброў... I калі весці гаворку пра „сямейныя” мемуары, дык мне асабіста найбольш прыгадваюцца кніга цёткі А. Блока М.А.Бекетавай i „Дакументы да біяграфіі Барыса Пастарнака”, падрыхтаваныя, адабраныя, вытлумачаныя з глыбокім разуменнем творчасці паэта яго сынам —- Яўгенам Пастарнакам. Згадваюцца таксама ўспаміны першай жонкі А.Купрына — М.Купрыной-Іярданскай — „Гады маладосці”. Улічваючы няпростыя абставіны творчай i асабістай біяграфіі гэтых мастакоў, можна толькі з удзячнасцю схіліць голаў перад даследчыцкай i чалавечай (можа, i найбольш) вытанчанасцю, высакародствам i аб’ектыўнасцю гэтых людзей. Гэта асабліва кідаецца ў вочы сёння, калі ад поўнай заслоны i цемры таямніц ва ўсім, што датычыць асабістага (а ў многім, значыць, i творчага) жыцця асоб, перайшлі да такога кафэшантаннага падыходу да ўсяго i ўсіх — што нема маўчыш, гледзячы, напрыклад, на ксёнжачку з красамоўнай назвай: „Жанчыны Міхаіла Булгакава” — з партрэтам пісьменніка на вокладцы. Дзе яны выкапалі такі фотаздымак! Ну, які-небудзь вадэвільны прастачок: да амплуа нават каскаднага героя аніяк не дацягвае. I гэта — аўтар „Майстра i Маргарыты”, „Белай гвардыі”, „Пана дэ Мальера”! Чалавек, які ў пару татальнай пралетарызацыі i стандартызацыі быў узорам густу, гжэчнасці, вытанчанасці...
А вось даўні альманах „Прометей” (М.,1974, т. 10). З якой тактоўнасцю, адчуваннем меры, павагі ідзе гаворка пра муз А.С.Пушкіна... Якія, дарэчы, партрэты, малюнкі... Якая культура выдання... (Хаця i папера не самага высокага гатунку, i мяккая вокладка). Які ўзровень мыслення, якая вышыня пачуццяў, які складаны духоўны свет — усё, што не паддаецца прымітыўнаму раскладу.
Урэшце — ў любога творцы матывы біяграфіі, рэальныя асобы, рэальныя факты — даюць штуршок натхненню, аднак мастак, менавіта ён, пераўтварае гэтыя факты ў „легенду вякоў” (А.Блок), легенду, суаднесеную са светам стыхій, зорак, камет, зместам стагоддзяў, прасветленым фаталізмам, ідэямі вечнымі i ідэямі часу...
Мабыць, так?