Светлый фон

...Школа мастацтваў — Порта Рамана. Тут робяць копіі знакамітых карцін i скульптур. I чамусьці менавіта каля яе — не вельмі зразумелая сучасная кампазіцыя: жанчына нясе жанчыну.

Гэта ўжо Фларэнцыя. Фірэнцэ (Firence) — так гучыць назва па-італьянску.

Наш невялікі гатэль у самым цэнтры. Памянёны ўжо „Эмбэсі-хаўс”. Тут больш сімпатычны, як у Остыі, нумар там быў доўгі, пусты, i недзе ў куточку хаваліся два ложкі. Тут — утульны стандарт. Два ложкі, столікі з люстрамі, ванная, крэмавыя шторы, крэмавыя пакрывалы. Уначы ў нумары чуцён скрогат — прыбіраюць Фларэнцыю. Потым, у Рэджа-Эміліі, будзе зацішны i амаль такі ж нумар. I ў кожным гатэлі мы наноў вырашалі „рэбус”: як „запусціць” душ, кожны раз новае прыстасаванне.

Увогуле ў Італіі ўвесь час быў прыдатны стандарт гатэляў. I як мне падалося, чатырохзоркавы гатэль „Аджып” у Мілане адзіна чым адрозніваўся, дык гэта халадзільнікам з напоямі, натуральна, для нас недаступнымі (згадаем — 31 рубель абмену). I тэлевізарам, які не было часу глядзець. Былі яшчэ аднаразовыя хатнія пантофлі i процьма рушнікоў. А так усё — стандарт.

Магутнай фірме „Аджып” („Agip”) на тую пару належалі матэлі каля аўтастрад, крамы, комплексы санпаслуг. У матэлі можна было прыпыніцца, а можна i проста пакарыстацца яго паслугамі: прыняць душ, прывесці сябе да належнага стану i г.д. Усё гэта за грошы. Незадаўга да Фларэнцыі мы прыпыніліся каля аднаго з такіх комплексаў , адчулі карыснасць i зручнасць яго.

I вось — Фларэнцыя. Перш-наперш доўгая вячэра. Яшчэ адна лукулава гасцьба. Яно i цікава — спіцыката (тушанае, дробна сечанае мяса з грыбамі), салата з садавіны (ананасы, дыня, гарбуз), піцца... Але — не дае спакою думка: раблезіянствуем другую гадзіну, а за вокнамі — Фларэнцыя, дзесяць хвілін хады — i Сайта Марыя дэль Ф’ёрэ. Нейкая дзіўная традыцыя. Ці гэта дадатковыя тэсты на палітычную надзейнасць i ідэалагічную вытрыманасць, ці то псіхоз калектывізму, ці яшчэ нешта. Ну, каб гэта вечар дзе-небудзь каля рэчкі Шчары ці Іслачы: схацеў — i прыехаў. А то ж на беразе Арно...

Высветлілася — такія думкі не ў мяне адной. І мы — некалькі чалавек — ідзем на сустрэчу з Санта Марыя дэль Ф'ёрэ.

 

„Улёгкім чаўнаку мастацтва...”

„Улёгкім чаўнаку мастацтва...”

А Санта Марыя дэль Ф’ёрэ надзвычай прыгожая ўвечары. Сабор падсвечваецца электрычным святлом, вельмі густоўна, здаецца, ружаваты мармур свеціцца сам, выключна Боскай воляй. Санта Марыя дэль Ф'ёрэ... Я ведаю пераклад з італьянскай: Святая Марыя з кветкай, але ў перакладзе назвы губляецца магічнае сугучча галосных i лабіядэнтальных, губляецца хараство гучання, фанетычная гармонія... Як i ў перакладах п'яцца ды Навона — плошча ды Навона, палацца Век'ё — Стары палац, понта Век'ё — Стары мост...