Светлый фон

— Таварышы, наперад!

— Браць іх!

Яны былі перакананыя, што мы, спяшаючыся, уцякаем лесам. Тую ўпэўненасць ўзмацняла рыпенне крокаў на снезе, што далятала сюды. Гэта браты імчалі да супрацьлеглага краю лесу.

Калі ж салдаты наблізіліся да мяне на адлегласць трыццаці крокаў, хутка пачаў страляць. Некаторыя паляглі на снезе, астатнія пачалі адыходзіць да граніцы. Тады я пабег па слядах Даўрыльчукоў. Стараўся не шумець, каб не зразумелі, што пакінуў засаду, і баяліся сунуцца следам.

Хутка праскочыўшы лясок, у некалькіх сотнях метраў перад сабой убачыў тры чалавечыя постаці. Гэта браты Даўрыльчукі, спяшаючыся, джгалі ў напрамку вялікага лесу, што знаходзіўся ў 3 кіламетрах ад нас. Хоць мелі на сабе белую вопратку, аднак выразна абазначаліся на снезе, нават мог пазнаць кожнага па постаці.

Бег услед. Дагнаў іх толькі на палове дарогі да ляска. Далей ужо рухаліся разам. Далёка ззаду, недзе на граніцы, гучалі карабінавыя стрэлы… У нейкі момант заўважыў на снезе цёмныя плямы. Нахіліўся над імі. Гэта былі плямы крыві… Пабег наперад і параўняўся з Сымонам, які крочыў апошнім.

— Хто паранены? — запытаўся ў яго.

— Ігнась… Прастрэлілі руку.

Калі прайшлі дзве трэці адлегласці, што аддзяляла нас ад вялікага лесу, зноў загрымелі стрэлы… бліжэйшыя і больш выразныя. Азірнуўся. Убачыў салдат, якія вывальваліся з-за паўночнай ускраіны ляска. He рызыкуючы заходзіць усярэдзіну, абышлі яго і ўбачылі, што мы ўцякаем палямі. Зрэдку пастрэльваючы, гналіся за намі. Але адлегласць была занадта вялікай, іх стрэлы не маглі нам пашкодзіць.

Мы наблізіліся да лесу. Я хутка крочыў за Сымонам.

— Адкуль іх столькі? — запытаўся, думаючы пра нашых пераследнікаў, якіх налічыў больш дзесятка.

— Там блізка стражніца, — адказаў Сымон.

Увайшлі ў лес і нейкі час адпачывалі. Ігнась скінуў з сябе ношку і кажух, а Базыль пачаў спрытна рабіць перавязку.

— Добра, што затрымаў іх там! — сказаў мне Сымон. — He ўцяклі б… Яны адпачылыя, а мы гэткі кавалак дарогі адмералі!

У некалькіх дзесятках крокаў ад ускрайку лесу я прыкмеціў засыпаную снегам вялікую капу. У галаву прыйшла адна думка. Пайшоў да той капы і разам са снегам скінуў верхні пласт галля. Гэта было нацяганае сухое сукаўё. Выняў з кішэні запалкі і падпаліў той стос знізу. Полымя весела пабегла па сухіх смалістых лаўжах і вельмі хутка, ператвараючыся ў штораз большае вогнішча, пачало разгарацца.

Я вярнуўся да братоў Даўрыльчукоў. Перавязка Ігнася закончылася. Апранулі яго. Параненую руку падвесілі на доўгім шаліку з воўны, які завязалі на шыі. Ягоную ношку з больш чым дзесяткам лісіных скур узяў Базыль.