– Не магу, – з геройскай самаахвярнасцю адказаў удалы салдат Швейк. – Я павінен ісці ў канцылярыю. А што, калі хто пазвоніць?
– Ну, дык тады ідзіце, золата маё, але запомніце на ўсё жыццё, што гэта непрыгожа з вашага боку, а, па-другое, сапраўдны ардынарац ніколі не павінен быць там, дзе ён патрэбен. Ніколі не варта так упрагацца ў службу. Паверце, галубок, няма нічога горшага, чым мітуслівы ардынарац, які хоча ўзваліць на свае плечы ўсю армію.
Але Швейк ужо быў за дзвярыма і спяшаўся ў канцылярыю сваёй маршавай роты.
Старшы пісар ад нуды пачаў барабаніць нейкі марш, але доўга нудзіцца яму не прыйшлося, бо адчыніліся дзверы, увайшоў повар Юрайда з афіцэрскай кухні і пляснуўся ў крэсла.
– Нам сёння далі загад, – залапатаў ён, – атрымаць на дарогу каньяк. Але ў нашай бутлі яшчэ было крыху рому, і нам давялося яе апаражніць. Няблага пасядзелі! Уся абслуга кухні – з капыт далоў! Я пралічыўся на некалькі порцый, палкоўнік прыйшоў крыху запозна, і яму не хапіла. Дык цяпер яму гатуюць амлет. Пацеха!
– Цікавы казус, – зазначыў Ванак, які за келіхам віна надта любіў казырнуць прыгожым словам.
Кухар Юрайда ўзяўся філасофстваваць, што адпавядала яго былой прафесіі. Да вайны ён выдаваў акультны часопіс і серыю кніг пад агульнай шапкай «Загадкі жыцця і смерці». На вайне ён прымазаўся да афіцэрскай кухні, і калі, бывала, захапляўся чытаннем старажытнаіндыйскіх сутраў Прагна Параміта («Адкрыццё мудрасці»), то часцяком у яго падгарала смажаніна. Палкоўнік Шрэдэр даражыў ім як палкавой славутасцю – сапраўды, якая афіцэрская кухня магла б пахваліцца кухарам-акультыстам, які, заглядаючы ў таямніцы жыцця і смерці, здзіўляў усіх такім смачным рагу або смажанінай, што смяртэльна паранены пад Камаровам паручнік Дуфек увесь час клікаў Юрайду.
– Так, – сказаў без нічога ніякага Юрайда, які ледзь ліпеў у крэсле: ад яго на дзесяць крокаў несла ромам, – існуе небыццё ўсіх з’яў, формаў і рэчаў. Форма ёсць небыццё, а небыццё ёсць форма. – Кухар-акультыст захінуўся ў тогу маўчання, падпёр галаву рукой і пачаў сузіраць мокры, абліты стол.
Старшы пісар Ванак працягваў барабаніць па стале, піў і час ад часу ўспамінаў, што каля харчовага склада яго чакаюць дзесяць салдат на чале са ўзводным. Пры гэтым успаміне ён сам сабе ўсміхаўся і махаў рукой.
Вярнуўшыся ў канцылярыю адзінаццатай маршавай роты позна, ён застаў Швейка ля тэлефона. Швейк ад яго і не адыходзіў, бо дзве гадзіны назад надпаручнік Лукаш па тэлефоне паведаміў яму, што ён усё яшчэ на нарадзе ў палкоўніка, але забыўся сказаць, што Швейк можа адысці ад апарата.