Потым са Швейкам гаварыў па тэлефоне ўзводны Фукс, які з дзесяццю радавымі, марна прачакаўшы старшага пісара, нарэшце разглядзеў, што склад замкнуты. Потым Фукс некуды пайшоў, і дзесяць салдат адзін за адным вярнуліся ў свой барак.
Час ад часу Швейк бавіўся тым, што здымаў тэлефонную трубку і слухаў. Тэлефон быў нейкай новай сістэмы, толькі што ўведзенай у арміі, і меў тую выгоду, што можна было зусім выразна слухаць чужыя тэлефонныя размовы па ўсёй лініі.
Абоз лаяўся з артылерыйскімі казармамі, сапёры пагражалі палявой пошце, палігон сварыўся з кулямётнай камандай.
A Швейк усё сядзеў і сядзеў каля тэлефона…
Нарада ў палкоўніка працягвалася. Палкоўнік Шрэдэр развіваў найнавейшую тэорыю палявой службы і асабліва падкрэсліваў ролю гранатамётчыкаў.
Ён пераскокваў з адной тэмы на другую, гаварыў аб руху лініі фронту два месяцы таму назад на поўдні і на ўсходзе, аб важнасці шчыльнай сувязі паміж асобнымі часцямі, аб удушлівых газах, аб стральбе па непрыяцельскіх аэрапланах, аб забеспячэнні салдат на фронце і ў канцы перайшоў да ўнутраных узаемаадносін у арміі.
Ён разгаварыўся аб адносінах афіцэраў да ніжніх чыноў, ніжніх чыноў да унтэр-афіцэраў, аб перабежчыках да непрыяцеля, аб палітычных падзеях і аб тым, што пяцьдзесят працэнтаў чэшскіх салдат politisch verdächtig.
Большасць афіцэраў пры гэтым думала, калі ўжо нарэшце стары пустабрэх перастане балбатаць, але палкоўнік Шрэдэр працягваў вярзці лухту пра новыя задачы новых маршавых батальёнаў, пра паўшых афіцэраў палка, пра цэпеліны, пра драцяныя загароды, пра прысягу…
Тут надпаручнік Лукаш прыгадаў, што калі ўвесь маршавы батальён прысягаў, удалы салдат Швейк у гэтай цырымоніі не ўдзельнічаў, бо ў тыя дні сядзеў у дывізіённым судзе. I раптам яго разабраў смех. Гэта было нешта накшталт істэрычнага смеху – следам за ім разрагаталася некалькі афіцэраў, што сядзелі поруч. Гэты смех прыцягнуў увагу палкоўніка, які цяпер перайшоў да вопыту, набытага пры адступленні германскіх армій у Ардэнах. Змяшаўшы ўсё ў адну кучу, ён закончыў:
– Панове, тут няма нічога смешнага.
Потым усе скіраваліся ў афіцэрскі сход, бо палкоўніка Шрэдэра выклікаў да тэлефона штаб брыгады.
Швейк драмаў каля тэлефона, калі яго раптам абудзіў званок.
– Алё! – пачулася ў трубцы. – Ля тэлефона палкавая канцылярыя.
– Алё! – адказаў Швейк. – Тут канцылярыя адзінаццатай маршавай роты.
– He затрымлівай, – пачуўся голас, – вазьмі аловак і пішы. Прымі тэлефанаграму.
– Адзінаццатай маршавай роце…
Затым прагучалі адна за адной нейкія дзіўныя фразы, бо адначасова гаварылі дванаццатая і трынаццатая роты, і тэлефанаграма зусім гублялася ў гэтай мешаніне гукаў. Швейк не мог зразумець ні слова. Нарэшце ўсё аціхла, і Швейк разабраў: