Светлый фон

Перапалоханы Балоўн вырваў у тэлеграфіста Хадоўнскага каву, якую толькі што наліў яму, паставіў яшчэ падагрэць, дадаў кансерваванага малака і памчаўся з кавай да штабнога вагона.

Вылупіўшы вочы, Балоўн падаў каву надпаручніку Лукашу, і тут яму ў галаву прыйшла думка, што надпаручнік па яго вачах бачыць, як ён пагаспадарыў з яго кансервамі.

– Я затрымаўся, – пачаў ён, заікаючыся, – бо не мог адразу адкрыць.

– Можа, ты праліў кансерваванае малако? А? – пытаўся ў яго надпаручнік Лукаш, каштуючы каву. – А можа, ты жраў яго лыжкай, як поліўку? Ведаеш, што цябе чакае?

Уздыхнуўшы, Балоўн забедаваў:

– Пан лейтэнант, асмелюся далажыць, у мяне трое дзяцей!

– Глядзі, Балоўн, яшчэ раз перасцерагаю цябе, загубіць цябе твая пражэрлівасць. Табе Швейк нічога не гаварыў?

– Мяне могуць павесіць у дваццаць чатыры гадзіны, – адказаў Балоўн, калоцячыся ўсім целам.

– Ды не калаціся ты так, дурыла, – сказаў з усмешкай надпаручнік Лукаш, – і выпраўляйся. Не будзь такім ненажэрай і скажы Швейку, каб ён пашукаў на вакзале або ў яго наваколлі чаго-небудзь добрага паесці. Дай яму гэтую дзесятку. Цябе не пашлю. Ты пойдзеш, напэўна, толькі тады, калі нажарэшся ад пуза.

З камендатуры паведамілі, што поезд адправіцца толькі ў дзве гадзіны папаўдні ў напрамку Гёдоле-Асод і што на вакзале выдаюць па два літры чырвонага віна і па бутэльцы каньяку. Гаварылі, што гэта знайшлася нейкая пасылка для Чырвонага Крыжа. Як бы там ні было, але пасылка быццам з неба ўпала, і ў штабным вагоне зрабілася весялей. Адзін толькі надпаручнік Лукаш быў прыгнечаны. Мінула гадзіна, а Швейк усё не вяртаўся. Потым прайшло яшчэ паўгадзіны. З камендатуры вакзала выйшла дзіўная працэсія, якая скіравалася да штабнога вагона.

Паперадзе крочыў Швейк, сур’ёзна і ўрачыста, як першыя хрысціяне-пакутнікі, калі іх вялі на арэну.

Па абодва бакі ішлі венгерскія ганведы з прымкнутымі штыкамі, на левым флангу – узводны з камендатуры вакзала, а за імі нейкая кабета ў чырвонай сукенцы са зборкамі і мужчына ў кароткіх ботах, у круглым капелюшы, з падбітым вокам. Ён нёс жывую перапалоханую курыцу, якая кудахтала на ўвесь вакзал.

Усе яны палезлі было ў штабны вагон, але ўзводны па-венгерску зароў на мужчыну з курыцай і кабету, каб яны засталіся ўнізе.

Убачыўшы надпаручніка Лукаша, Швейк пачаў шматзначна падморгваць яму.

Узводны хацеў гаварыць з камандзірам адзінаццатай маршавай роты. надпаручнік Лукаш узяў ад яго паперу са штампам камендатуры станцыі і, збялеўшы, прачытаў: «Камандзіру адзінаццатай маршавай роты N-скага маршавага батальёна Дзевяноста першага пяхотнага палка для далейшага выканання. Разам з гэтым адпраўляецца пехацінец Швейк Ёзаф, згодна з яго паказаннямі, ардынарац той жа маршавай роты N-скага маршавага батальёна Дзевяноста першага пяхотнага палка па абвінавачанні ў абрабаванні мужа і жонкі Іштванаў, якія жывуць у Ішатарчы ў раёне камендатуры вакзала. Падстава: Пехацінец Швейк Ёзаф украў курыцу, якая належыць мужу і жонцы Іштванам, калі яна бегала за домам Іштванаў, і быў затрыманы ўласнікам курыцы, які хацеў у яго яе адабраць. Вышэй упамянёны Швейк перашкодзіў яму ў гэтым, прычым ударыў гаспадара курыцы Іштвана ў правае вока, пасля чаго быў затрыманы выкліканым патрулём і адпраўлены ў сваю часць, а курыца вернута ўласніку. Подпіс дзяжурнага афіцэра».