Светлый фон

I паручнік Дуб назіраў за латрынамі. Такая латрына ў выглядзе доўгай ямы з лаўкамі ў два рады ўмяшчала два аддзяленні роты. Цяпер салдаты выгодна сядзелі на кукішках над канавамі, быццам ластаўкі на тэлеграфных правадах перад адлётам у Афрыку.

У кожнага з-пад спушчаных штаноў выглядвалі голыя калені, у кожнага на шыі вісела папруга, нібыта кожны гатоў быў павесіцца і толькі чакаў каманды.

Ва ўсім была відаць жалезная воінская дысцыпліна і арганізаванасць.

На левым флангу сядзеў Швейк, які таксама ўціснуўся сюды, і з цікавасцю чытаў абрывак старонкі з бог ведае якога рамана.

Адарваўшы вочы ад паперкі, Швейк незнарок паглядзеў у напрамку выйсця з латрыны і застыў ад здзіўлення. Там пры поўным парадзе стаяў учарашні пан генерал-маёр са сваім ад’ютантам, а поруч з ім – паручнік Дуб, які нешта старанна ім дакладваў.

Швейк азірнуўся. Усе па-ранейшаму спакойна сядзелі над ямай, і толькі унтэр-ы нібы аслупянелі і не рухаліся.

Швейк адчуў усю важнасць сітуацыі.

Ён ускочыў так, як быў, са спушчанымі штанамі, з папругай на шыі і, выкарыстаўшы яшчэ ў апошні момант кавалак паперы, загарлапаніў: «Устаць! Смірна! Раўненне направа!» – і ўзяў пад казырок. Два аддзяленні са спушчанымі штанамі і з папругамі на шыі падняліся над ямай.

Генерал-маёр прыветліва ўсміхнуўся і сказаў:

– Вольна, працягвайце!

Аддзялённы Малек першы даў прыклад свайму аддзяленню, прыняўшы першапачатковую пазіцыю. Толькі Швейк працягваў стаяць, руку пад казырок, бо з аднаго боку да яго пагрозна набліжаўся паручнік Дуб, а з другога – генерал-маёр з усмешкай на твары.

– Я вас бачыў ноччу, – звярнуўся генерал-маёр да Швейка, які застыў у сваёй дзіўнай, неймавернай позе; раз’юшаны паручнік Дуб кінуўся да генерал-маёра і па-нямецку папярэдзіў яго:

– Асмелюся далажыць, пан генерал-маёр, гэты салдат прыдуркаваты, яго ўсе лічаць ідыётам, гэта фантастычны дурыла!

– Што вы сказалі, пан лейтэнант? – нечакана зароў генерал-маёр на паручніка Дуба, даводзячы зусім адваротнае:

– Просты салдат ведае, што трэба рабіць, калі падыходзіць начальнік, а вось унтэр-афіцэр начальства не заўважае і ігнаруе яго. Гэтак жа і на полі бою можа быць. Просты салдат у хвіліну небяспекі прымае на сябе каманду. Якраз пан паручнік Дуб павінен быў даць каманду, якую падаў гэты салдат: «Устаць! Смірна! Раўненне направа!»

– Ты ўжо выцер азадак? – спытаў генерал-маёр Швейка.

– Так точна, пан генерал-маёр, усё ў парадку.

– Дык падцягні штаны і ўстань зноў ва фронт! Словы «ва фронт» генерал-маёр вымавіў больш гуч на, і тыя, хто сядзеў да яго бліжэй, пачалі прыўздымацца над ямай.