Аднак генерал-маёр па-прыяцельску махнуў ім рукой і, пяшчотным бацькоўскім голасам сказаў:
– Ды не, вольна, вольна, працягвайце.
Швейк ужо ў поўным парадзе стаяў перад генерал-маёрам, які звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай па-нямецку:
– Павага да начальства, веданне статутаў і прысутнасць духу на вайсковай службе – гэта ўсё. А калі да гэтых якасцей яшчэ дадаецца і доблесць, то ніводны непрыяцель вам не страшны. – Генерал, тыцкаючы пальцам ў жывот Швейка, звяртаўся да паручніка Дуба:
– Зазначце сабе: гэтага салдата пасля прыбыцця на фронт неадкладна павысіць і пры бліжэйшай магчымасці прадставіць да бронзавага медаля за ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў і веданне… Вы разумееце, што я хачу сказаць… Можаце ісці!
Генерал-маёр ужо аддаляўся ад латрыны, калі паручнік Дуб голасна, каб генерал-маёр пачуў, аддаваў загад:
– Першае аддзяленне, устаць! Рады здвой! Другое аддзяленне…
Тым часам Швейк выйшаў з латрыны і, праходзячы міма паручніка Дуба, аддаў чэсць як належыць, але паручнік Дуб усё ж крыкнуў: «Адставіць!» – і Швейк вымушаны быў казыраць зноў і зноў пачуў:
– Ты мяне ведаеш? Ты мяне не ведаеш. Ты ведаеш мяне з добрага боку, але ты ўведаеш мяне і з кепскага боку. Я давяду цябе да плачу!
Нарэшце, Швейк дайшоў да свайго вагона. Па дарозе ён прыгадаў, што ў Карліне ў казармах таксама быў лейтэнант, па прозвішчу Худавы. Дык той, калі злаваўся, гаварыў іначай: «Хлопцы! Калі мяне бачыце, то памятайце, што я для вас свіння, свіннёй і застануся, пакуль вы будзеце ў маёй роце».
Калі Швейк праходзіў міма штабнога вагона, яго паклікаў надпаручнік Лукаш і загадаў перадаць Балоўну, каб той паспяшаўся з кавай, а банку малочных кансерваў добра прыкрыў, каб не сапсаваліся. Балоўн якраз гатаваў на маленькай спіртоўцы ў вагоне старшага пісара Ванака каву для надпаручніка Лукаша. Калі Швейк прыйшоў перадаць даручэнне, ён убачыў, што ў яго адсутнасць увесь вагон пачаў піць каву.
Банкі кававых і малочных кансерваў надпаручніка Лукаша былі ўжо напалову пустыя. Балоўн сёрбаў каву са свайго кубка і калупаў лыжачкай у банцы з малаком, каб закрасіць каву.
Кухар-акультыст Юрайда і старшы пісар Ванак паабяцалі адзін аднаму, што вернуць узятае ў надпаручніка Лукаша, як толькі паступяць кававыя і малочныя кансервы.
Швейку таксама прапанавалі каву, але ён адмовіўся і сказаў Балоўну:
– Акурат прыйшоў загад са штаба брыгады: дзеншчыка, які ўкраў у свайго афіцэра малочныя або кававыя кансервы, вешаць не марудзячы ў дваццаць чатыры гадзіны. Перадаю гэта табе па загаду пана обер-лейтэнанта, які патрабуе, каб ты неадкладна з’явіўся да яго з кавай.