Калі надпаручнік Лукаш даваў распіску ў прыняцці Швейка, у яго трэсліся калені. Швейк стаяў блізка і заўважыў, што надпаручнік Лукаш забыў паставіць дату.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – вымавіў Швейк, – сёння дваццаць чацвёртае. Учора было дваццаць трэцяе мая, учора нам Італія аб’явіла вайну… Я зараз быў на ўскраіне горада, дык там толькі аб гэтым і гавораць.
Ганведы пайшлі са ўзводным, а ўнізе засталіся толькі муж і жонка Іштваны, якія ўвесь час хацелі ўлезці ў вагон.
– Калі, пан обер-лейтэнант, у вас пры сабе маецца пяцёрка, мы маглі б гэтую курыцу купіць. Ён, лайдак, хоча за яе пятнаццаць залатых, ён улічвае сюды і дзесятку за свой сіняк пад вокам, – апавядаў Швейк, – але, думаю, дзесяць залатых за ідыёцкі сіняк будзе мнагавата. У карчме У старой пані» токару Мацею за дваццаць залатых цаглінай выбілі сківіцу і шэсць зубоў, а тады грошы былі даражэйшыя. Сам Вальшлегер вешае за чатыры залатых.
– Ідзі сюды, – кіўнуў Швейк мужыку з падбітым вокам і з курыцай, – а ты, старая, застанься там.
Мужчына ўвайшоў у вагон.
– Ён крыху ўмее па-нямецку, – зазначыў Швейк, – разумее ўсю лаянку і сам можа зусім няблага аблажыць па-нямецку.
– Also, zehn Gulden, – звярнуўся ён да мужчыны. – Fünf Gulden Henne, fünf Auge. Öt forint, – бачыш, кукарэку: öf forint kukuk, і gen. Тут штабны вагон, разумееш, жулік? Давай сюды курыцу!
Сунуўшы аслупянеламу мужыку дзесяткў ў рукі, ён забраў курыцу, скруціў ёй шыю і тут жа выштурхнуў селяніна з вагона. Потым папрыяцельску паціснуў яму руку і сказаў: jó, napot, barátom, adieu, каціся да сваёй бабы, а то скіну цябе ўніз.
– Вось бачыце, пан обер-лейтэнант, усё можна ўладкаваць, – сказаў Швейк надпаручніку Лукашу, – найлепей, як усё абыходзіцца без скандалу, без усялякіх цырымоній. Цяпер мы з Балоўнам згатуем вам такі курыны булён, што ў Трансільваніі будзе пахнуць.
Надпаручнік Лукаш не вытрымаў, вырваў у Швейка з рук злашчасную курыцу і закрычаў:
– Ведаеце, Швейк, чаго заслугоўвае салдат, які ў часе вайны рабуе мірнае насельніцтва?
– Ганаровай смерці ад пораху і свінцу, – урачыста адказаў Швейк.
– Але вы, Швейк, заслугоўваеце вяроўкі, бо вы першы пачалі рабаваць. Вы… Я проста не ведаю, як вас назваць, вы забыліся пра прысягу. У мяне галава ідзе кругам!
Швейк запытальна зірнуў на надпаручніка Лукаша і хутка абазваўся:
– Асмелюся далажыць, я не забыў прысягі, якую мы, вайсковы люд, павінны выконваць. Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, я ўрачыста прысягаў найсвятлейшаму князю і пану імператару Францу-Іосіфу Першаму, што буду служыць яму верай і праўдай, а таксама буду слухацца генералаў яго вялікасці і сваіх начальнікаў, паважаць і аберагаць, іх распараджэнні і загады заўсёды дакладна выконваць; супраць любога непрыяцеля, які б ён ні быў, дзе толькі гэтага запатрабуе яго імператарская каралеўская вялікасць: на вадзе, пад вадой, на зямлі, у паветры, у кожны час, удзень і ўначы, у час бою, нападу, барацьбы і ў іншых усялякіх выпадках, паўсюль і на кожным месцы…