Гэта здарылася (і мне варта выбачыцца за магчымую легкаважнасць тону) летам 18** году. Містэр Барнабас Таўкачыні, адзін з самых багатых і паважаных гараджанаў, некалькі дзён як знік, і абставіны знікнення прымушалі запасочыць злачынства. Містэр Таўкачыні конна выехаў з Грукатаўна ранняй суботняй раніцай, і гэта дазваляла меркаваць, што кіруецца ён у горад *** за пятнаццаць міляў адсюль і вернецца тым жа вечарам. Але праз дзве гадзіны пасля ягонага ад’езду конь вярнуўся без гаспадара і без седлавых сумак, прытарочаных на спіну ўранку. Конь быў увесь у брудзе, а на баку ў яго зеўрала рана. Усё гэта, натуральна, выклікала вялікую трывогу ў сяброў зніклага, і калі ў нядзелю раніцай той так і не з’явіўся, усе гуртам падняліся і выправіліся на пошукі цела.
Рэй у пошуках вёў неразлучны сябар містэра Таўкачыні – містэр Чарлз О’Міл, альбо, як яго называлі ўсе без выключэння, “Чарлі О’Міл” альбо “мілы Чарлі О’Міл”. Было гэта дзіўнае супадзенне альбо менавіта імя незаўважна паўплывала на характар уладальніка, я так і не зразумеў. Але бясспрэчна тое, што няма чалавека на імя Чарлз, які не быў бы чулым, смелым, праўдзівым, добрым і таварыскім хлопцам, чый звонкі крыштальны голас заўсёды прыемна слухаць і які ніколі не адвядзе вачэй, нібыта гаворачы: “У мяне чыстае сумленне, я не баюся нікога і абсалютна не здольны на подласць”. Карацей, усіх гэтых прыязных і бесклапотных статыстаў жыццёвае сцэны заўсёды завуць Чарлзамі.
Дык вось, “мілы Чарлі О’Міл”, хаця і прыехаў у Грукатаўн не больш як шэсць месяцаў таму ці штосьці каля гэтага, хаця ніхто нічога пра яго не ведаў да таго, як ён пасяліўся побач, – гэты самы Чарлі без цяжкасці перазнаёміўся з усімі паважанымі жыхарамі гарадка. Кожны з іх пазычыў бы яму ў любы момант хоць тысячу без усялякіх распісак. Што да жанчын, то не было нічога, што яны не зрабілі б, каб яму дагадзіць. А ўсё таму, што пры хрышчэнні ён атрымаў імя Чарлз і, адпаведна, адкрыты твар, які служыць, як той казаў, найлепшай рэкамендацыяй.
Як я ўжо згадваў, містэр Таўкачыні быў адным з самых паважаных і, бясспрэчна, самым багатым жыхаром Грукатаўна, а “мілы Чарлі О’Міл” сышоўся з ім так блізка, нібыта быў яго родным братам. Двое старых джэнтльменаў жылі ў суседніх дамах, і хаця містэр Таўкачыні рэдка бываў у доме “мілага Чарлі” (калі ўвогуле бываў) і ўжо тым больш і падумаць не мог, каб застацца там на абед, гэта зусім не перашкодзіла названым джэнтльменам вельмі цесна пасябраваць – зрэшты, пра гэта я ўжо гаварыў. А вось “мілы Чарлі” і дня не прапускаў, каб разы тры-чатыры не зазірнуць да суседа – спытаць, як той маецца. Ён вельмі часта заставаўся на сняданне альбо гарбату і амаль заўсёды – на абед, а колькасць віна, угаворанага прыяцелямі на іх пасядзелках, вылічэнню наўрад ці паддаецца. “Мілы Чарлі” асабліва паважаў шато-марго, і містэр Таўкачыні проста расцвітаў, назіраючы, як сябрук высмоктвае далікатны напой кварту за квартай. І вось аднойчы, калі віно ўжо крыху пацясніла ў галаве здаровы сэнс, ён звярнуўся да прыяцеля, пляснуўшы яго па спіне: