velouté
А шостай пазванілі да абеду, і гаспадар праводзіў мяне ў прасторную salle à manger,[109] дзе сабралася вялікая кампанія – чалавек дваццаць пяць-трыццаць. Гэта былі, несумненна, людзі з найвышэйшых слаёў грамадства, безумоўна, высакароднага паходжання, нягледзячы на тое, што іхнае адзенне вылучалася, я б сказаў, экстравагантнай раскошаю, чымсьці моцна нагадваючы паказную пышнасць vieille cour.[110] Я звярнуў увагу на дамаў: іх было не менш за дзве траціны гасцей. Некаторыя былі апранутыя так, што парыжане нізашто не пахвалілі б іх за вытанчаны густ. Напрыклад, дамы, якім было ніяк не меней за семдзесят, былі проста абвешаныя ўпрыгожаннямі – пярсцёнкамі, бранзалетамі й завушніцамі, а іх аголеныя рукі і глыбокія дэкальтэ выглядалі зусім непрыстойна. Я таксама заўважыў, што большасць касцюмаў пашытая кепска, прынамсі, добра сядзелі на ўладальніках вельмі нямногія. Агледзеўшыся, я заўважыў маладую жанчыну, якая мяне так зацікавіла і якой мсьё Маяр прадставіў мяне ў маленькай гасцёўні. Але як жа я быў здзіўлены, убачыўшы на ёй сукенку з крыналінам, туфлі на высокіх абцасах і брудны чэпчык з брусэльскімі карункамі, які быў такі вялікі, што яе твар здаваўся проста недарэчна дробным. Яе жалобны ўбор, які я бачыў падчас нашай першай сустрэчы, быў найгустоўнейшы. Карацей, у адзенні ўсёй кампаніі было штось вельмі дзіўнае, і гэта змусіла мяне вярнуцца да свае першае думкі пра «сістэму палёгкі»: маўляў, мсьё Маяр вырашыў нічога мне не казаць да канца абеду, каб я не адчуваў няёмкасці, усведамляючы, што сяджу побач з вар’ятамі. Але потым я ўспомніў, што мне ў Парыжы казалі пра жыхароў поўдня: яны нібыта зусім эксцэнтрычныя, з безліччу састарэлых забабонаў, а размова з двума-трыма гасцямі хутка развеяла апошнія сумневы.
salle à manger
vieille cour
Што да сталовага пакоя, то яму, бадай, бракавала вытанчанасці, нягледзячы на выгоднасць і вялікія памеры. На падлозе, да прыкладу, не было дываноў, зрэшты, у Францыі часта абыходзяцца без іх. Але і вокны былі без штораў, зачыненыя аканіцы надзейна замкнулі на жалезныя засаўкі крыж-накрыж, так, як звычайна замыкаюць вокны на нашых крамах. Пакой, я заўважыў, паўтараў прастакутную форму замкавага крыла, на тры бакі выходзілі вокны, якіх было не менш за дзесяць, на чацверты – дзверы.
Стол быў багата сервіраваны, ламіўся ад шыкоўнага посуду з вытанчаным стравамі ў сапраўды варварскай раскошы. Мяса хапіла б і на тое, каб накарміць сыноў Энакавых*. Першы раз у жыцці я бачыў такое вялікае, такое празмернае марнаванне жыццёвых дабротаў. Але густу ва ўсім гэтым было вельмі мала, і мае вочы, звыклыя да мяккага спакойнага святла, жахліва пакутавалі ад асляпляльнага бляску безлічы васковых свечак у срэбных кандэлябрах, якія стаялі на стале, па ўсім пакоі і ўвогуле ўсюды, дзе для іх знайшлося месца. Паслужлівыя лёкаі былі гатовыя ва ўсім дагадзіць, а за вялікім сталом у дальнім куце пакоя сядзела сем-восем чалавек са скрыпкамі, флейтамі, трамбонамі і барабанам. Гэтыя даймалі мяне наймацней: у перапынках паміж ежай яны выдавалі бясконца разнастайныя гукі, якія, мабыць, павінныя былі ўважацца за музыку і якія, як я заўважыў, усіх вельмі весялілі.