Светлый фон

Карацей, я не мог пазбавіцца думкі, што ва ўсім бачаным мною было шмат незвычайнага… але ж у свеце сустракаюцца самыя розныя людзі, з самым розным складам думак і самымі рознымі звычкамі й меркаваннямі. Да таго ж я дастаткова паездзіў па свеце, каб стаць прыхільнікам прынцыпу nil admirari,[111] таму спакойна сеў па правую руку ад гаспадара і з уласцівым мне цудоўным апетытам аддаў належнае найсмачнейшым стравам, што стаялі перада мною.

nil admirari

Агульная размова тым часам ажывілася. Дамы, як заўжды, гаварылі шмат. Хутка мне стала зразумела, што ўсё таварыства амаль цалкам складалася з людзей адукаваных, а гаспадар быў проста невычарпальнай крыніцай смешных гісторыяў. Ён, відаць, вельмі любіў пагаварыць пра свае абавязкі дырэктара maison de santé, ды і ўсім прысутным, на маё вялікае здзіўленне, найбольш падабалася абмяркоўваць вар’яцтва. Асноўная частка забаўных гісторыяў, расказаных тады, была менавіта пра дзівацтвы пацыентаў.

maison de santé

– Быў тут у нас адзін тыпус, – сказаў нізенькі тоўсты джэнтльмен, што сядзеў справа ад мяне, – адзін тыпус, якому здавалася, што ён чайнік. Дарэчы, проста ўражвае, наколькі часта менавіта гэтая вар’яцкая ідэя заходзіць псіхам у галаву. У Францыі наўрад ці знойдзецца прытулак для вар’ятаў, які не мог бы пахваліцца чалавекам-чайнікам. Наш джэнтльмен быў чайнікам брытанскае вытворчасці і штораніцы сумленна начышчаў сябе аленевай замшай і крэйдай.

– А яшчэ, – загаварыў высокі мужчына насупраць, – у нас быў, не так даўно, суб’ект, які ўбіў сабе ў галаву, што ён асёл; кажучы метафарычна, гэта чыстая праўда. Гэта быў цяжкі пацыент, і мы займелі шмат складанасцяў, спрабуючы трымаць яго ў рамках. Доўгі час ён не еў нічога, апроч чартапалоху, але ад гэтага мы яго хутка вылекавалі, настойваючы, каб ён еў толькі яго. Дык ён увесь час брыкаўся, вось так, вось так…

– Мсьё дэ Кок, я была б вам вельмі ўдзячная, калі б вы паводзілі сябе прыстойна, – перарвала прамоўцу старая дама, што сядзела побач з ім. – Прашу вас, трымайце свае ногі пры сабе! Вы сапсавалі мне парчовую сукенку. Няўжо неабходна ілюстраваць сваю думку так наглядна? Наш сябар, несумненна, і так вас зразумее. Шчыра кажучы, вы амаль такі самы асёл, якім уяўляў сябе той няшчасны. У вас усё так натуральна атрымліваецца, далібог.

– Mille pardons,[112] мамзэль! – усклікнуў мсьё дэ Кок. – Сто разоў выбачаюся, не хацеў нікога пакрыўдзіць! Мамзэль Лаплас, мсьё дэ Кок мае гонар піць за вашае здароўе!

Mille pardons

Тут мсьё дэ Кок нізка пакланіўся, вельмі цырымонна пацалаваў сабе руку і чокнуўся з мадэмуазэль Лаплас.