– Што ты адчуваеш, калі перабярэш?
Усе давалі нейкія блытаныя адказы: маўляў, альбо да гэтага яшчэ на даходзіла, альбо пасля перабору кожны раз нудзіць, а адзін нават нутром адчуваў, што застанецца без водпуску, і гэтак далей. Усіх іх маёр Блюгер тут жа загадаў адвесці ўбок, каб яны потым пасля абеду займаліся тут, на двары, вольнымі практыкаваннямі за тое, што не ўмеюць выказаць тое, што адчуваюць. Перш чым прыйшла чарга да мяне, я ўспомніў, пра што ён прастарэкаваў мінулы раз, і, калі маёр падышоў да мяне, я зусім спакойна яму адказаў: «Асмелюся далажыць, пан маёр, калі я хапану лішку, то заўсёды адчуваю ў сабе нейкі непакой, страх і дакоры сумлення. А калі ж я своечасова ў поўным парадку вяртаюся ў казармы пасля водпуску, то мяне ахоплівае невыказны спакой і лезе ўнутранае задавальненне». Усе наўкола разрагаталіся, а маёр Блюгер як закрычыць на мяне: «Па табе, дурыла, толькі клапы лезуць, калі ты дрыхнеш на ложку! Ен, мярзотнік, яшчэ жарты строіць!» – і ўляпіў мне такія шпанглі, што будзь здароў!
– На вайсковай службе іначай нельга, – сказаў старшы пісар, лена пацягваючыся на сваім ложку, – так ужо здавён-даўна павялося: як ні адкажы, як ні зрабі, а заўсёды над табой вісяць хмары і грыміць гром. Без гэтага вяма дысцыпліны!
– Вельмі добра сказана, – заявіў Швейк. – Ніколі не забуду, як пасадзілі рэкрута Пеха. Ротным камандзірам быў у нас лейтэнант" Моц. Сабраў ён рэкрутаў і пытае: хто адкуль? «Вы, рэкруты, недарэкі зялёныя, – звярнуўся ён да іх, – вы павінны навучыцца адказваць коратка і выразна, як пугай ляскаць. Так, пачнём. Адкуль вы, Пех?» Пех быў хлапец інтэлігентны і адказаў так: «Ніжні Боўсаў, дзвесце шэсцьдзесят сем дамоў, тысяча дзевяцьсот трыццаць шэсць чэшскіх жыхароў, акруга Йічын, воласць Собатка, былы маёнтак Косць, фарны касцёл святой Кацярыны, пабудаваны ў XIV стагоддзі і адрэстаўрыраваны графам Вацлавам Враціславам Неталіцкім, школа, пошта, тэлеграф, станцыя чэшскай таварнай лініі, цукровы завод, млын, тартак, хутар Валха, шэсць кірмашоў у год…».
Лейтэнант Моц падскочыў да яго і пачаў біць па мордзе, прымаўляючы: «Вось табе першы кірмаш, а гэта – другі, трэці, чацвёрты, пяты, шосты…» А Пех, хоць і быў навабранец, запатрабаваў, каб яго дапусцілі на батальённы рапарт. У канцылярыі тады народ сабраўся вясёлы, ну, і напісалі, што Пех накіроўваецца на батальённы рапарт наконт штогадовых кірмашоў у Ніжнім Боўсаве. Камандзірам батальёна быў тады маёр Рогель. «Што гэта павінна азначаць?», – пытаецца ён у Пеха, а той выпальвае: «Асмелюся далажыць, пан маёр, у Ніжнім Боўсаве шэсць кірмашоў на год». – Ну, тут маёр Рогель на яго зароў, затупаў нагамі і тут жа аддаў загад адвесці яго ў вайсковы шпіталь у аддзяленне для вар’ятаў. З таго часу Пех зрабіўся найгоршым у нас салдатам, проста гора з ім.