– Салдата выхаваць нялёгка, – сказаў, пазяхаючы, старшы пісар Ванак. – Салдат, які на вайсковай службе ніводнага разу не быў пакараны, – гэта не салдат. Гэта, можа, у мірны час так было, што салдат, які адбыў без пакарання ўсю службу, меў потым нейкія перавагі перад цывільнымі. Цяпер акурат наадварот: найгоршыя салдаты, тыя, што не вылазілі з гаўптвахты, на вайне праявілі сябе з самага лепшага боку. Помню радавога з восьмай маршавай роты Сільвануса. У яго кара за карай ішла, ды якія гэта былі кары! Не саромеўся ўкрасці ў таварыша апошні крэйцар. А калі пачалося наступленне, дык першы перарэзаў калючую загароду, трох захапіў у палон і аднаго тут жа прыстрэліў, бо, быццам бы, той не выклікаў у яго даверу. Гэты Сільванус атрымаў вялікі сярэбраны медаль, нашылі яму дзве зорачкі, і, калі б яго потым не павесілі пад Дуклай, дык даўно быў бы ўзводным. А павесіць яго мусілі, бо пасля бою ён падахвоціўся пайсці на рэкагнасцыроўку, а патруль з другога палка заспеў яго, як абшнарваў трупы. Знайшлі ў яго з восем гадзіннікаў і многа пярсцёнкаў. Павесілі каля штаба брыгады.
– З гэтага відаць, – глыбакадумна зазначыў Швейк, – што кожны салдат павінен сам заваёўваць сваё становішча.
Зазваніў тэлефон. Старшы пісар узяў трубку. Можна было пазнаць голас надпаручніка Лукаша, які пытаў, што з кансервамі. Затым было чуваць, як ён накінуўся з папрокамі.
– Ды не, пан обер-лейтэнант, – крычаў у тэлефон Ванак. – Я быў у канціне? Хто сказаў? Кухар-акультыст з афіцэрскай кухні? Сапраўды, я дазволіў сабе туды зайсці. Ніяк не, пан обер-лейтэнант, я зусім цвярозы. Што робіць Швейк? Ён тут. Загадаеце яго паклікаць? Швейк, да тэлефона! – крыкнуў старшы пісар і ціха дадаў:
– Калі ён вас спытае, у якім стане я прыйшоў, скажыце, што ў поўным парадку. Швейк ля тэлефона:
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, тут Швейк.
– Што вы рабілі ноччу?
– Сядзеў усю ноч каля тэлефона.
– Было што-небудзь новае?
– Было, пан обер-лейтэнант.
– Швейк, не стройце зноў дурня. Паведамлялі што-небудзь важнае?
– Паведамлялі, пан обер-лейтэнант, але толькі на дзевяць гадзін. Я не хацеў вас непакоіць, пан обер-лейтэнант.
– Дык што ж, чорт бы вас узяў, там такога важнага ў дзевяць гадзін?
– Тэлефанаграма, пан обер-лейтэнант.
– Не разумею, Швейк.
– Я запісаў, пан обер-лейтэнант. Прыміце тэлефанаграму. Хто ля тэлефона?.. Ёсць? Чытай… Альбо яшчэ штосьці накшталт гэтага.
– Чэрці б вас дралі, Швейк! Гора мне з вамі… Перадайце мне змест, бо я да вас дабяруся і дам такую аплявуху… Дык што там?
– Зноў нейкая нарада, пан обер-лейтэнант, сёння ў дзевяць гадзін раніцы ў пана палкоўніка. Хацеў вас пабудзіць уначы, ды потым раздумаў.