– Адважыліся б вы пабудзіць мяне ўначы з-за рознага глупства! Для гэтага і раніцай часу досыць. Адпусціце трубку, пазавіце да тэлефона Ванака.
– Старшы пісар Ванак ля тэлефона.
– Ванак, знайдзіце мне сёння ж іншага дзеншчыка. Гэты лайдак Балоўн за ноч сажраў увесь мой шакалад. Прывязаць? Не, аддадзім яго ў санітары. Мужык-гара, хай выцягвае параненых з поля бою. Зараз жа пашлю яго да вас.
З таго часу як надпаручнік Лукаш стаў камандзірам адзінаццатай маршавай роты, ён знаходзіўся ў стане, які называецца сінкрэтызмам, паводле назвы той філасофскай сістэмы, якая стараецца прымірыць супярэчнасці паняццяў шляхам кампрамісу, што даводзіць аж да змяшэння супрацьлеглых поглядаў.
Ванак, сёрбаючы чорную каву, у якую падліў рому з бутэлькі з надпісам «Tinte» (дзеля асцярогі), паглядзеў на Швейка і сказаў:
– Наш обер-лейтэнант так крычыць у тэлефон, што я разабраў кожнае слова. Вы, Швейк, напэўна, блізка знаёмы з панам обер-лейтэнантам?
– Мы дзейнічаем рука ў руку, – адказаў Швейк. – Рука руку мые. Мы шмат чаго разам перажылі. Колькі разоў нас хацелі разлучыць, але мы зноў сышліся. Ён мне ва ўсім давяраецца, я ўжо колькі разоў сам гэтаму здзіўляўся. Вось вы толькі што чулі, як ён сказаў, каб я вам яшчэ раз нагадаў, што вы павінны яму падшукаць новага дзеншчыка, а я павінен пагаварыць з ім і даць аб ім свой водгук. Пану обер-лейтэнанту не кожны дзяншчык дагодзіць.
Палкоўнік Шрэдэр выклікаў на нараду ўсіх афіцэраў маршавага батальёна. Ён спадзяваўся, што зможа выгаварыцца як належыць.
Пачаўшы нараду, палкоўнік Шрэдэр указаў, што перад ад’ездам, які неўзабаве чакаецца, варта сустракацца часцей. З брыгады яму паведамілі, што чакаюць загадаў ад дывізіі. Салдаты павінны быць напагатове, і ротныя камандзіры абавязаны сачыць за тым, каб усе былі на месцы. Затым ён яшчэ раз паўтарыў усё, пра што гаварыў учора. Зноў зрабіў агляд ваенных падзей і нагадаў, што нішто не можа зламіць баявы дух і ваенную кемлівасць салдат.
На стале перад ім была прымацавана карта тэатра ваенных дзеянняў са сцяжкамі на шпільках, але сцяжкі былі перакулены, і франты пасунуліся ў розныя бакі. Выцягнутыя шпількі са сцяжкамі валяліся пад сталом.
Увесь тэатр ваенных дзеянняў ноччу параскідаў кот, якога трымалі ў палкавой канцылярыі пісары. Кот ноччу нагадзіў на аўстра-венгерскі фронт і хацеў было загрэбці кучку, але паваліў усе сцяжкі і размазаў кал па ўсіх пазіцыях, абмачыў франты і перадмаставыя ўмацаванні і запаскудзіў армейскія карпусы.
Палкоўнік Шрэдэр быў надта блізарукі.
Афіцэры маршавага батальёна з цікавасцю сачылі за тым, як палец палкоўніка Шрэдэра набліжаецца да гэтых кучак.