– Я таксама так думаю, – сказаў Швейк, – калі б я аб’явіў пану обер-лейтэнанту, што «з прычыны дакладней дазваляецца альбо», то ён бы пакрыўдзіўся. Некаторыя бываюць такія незачэпы, што проста жах! – працягваў Швейк, зноў паглыбляючыся ва ўспаміны. – Ехаў я аднойчы на трамваі з Высачан у Прагу, а ў Лібні падсеў да нас нейкі пан Новатны. Як толькі я яго пазнаў, то пайшоў да яго на пляцоўку і завёў гаворку аб тым, што мы, маўляў, землякі, абодва з Дражава, а ён на мяне раскрычаўся, каб я да яго не прыставаў, што ён нібыта мяне не ведае. Я пачаў яму ўсё высвятляць, каб ён прыпомніў, як я яшчэ маленькім хлопчыкам хадзіў да яго з маці, якую звалі Антонія, а бацьку клікалі Пракопам, і быў ён стражнікам у маёнтку. А ён і пасля гэтага не хацеў прызнавацца, што мы знаёмыя. Дык я прывёў яму яшчэ больш падрабязныя звесткі: расказаў, што ў Дражаве было двое Новатных – Тонда і Езаф, і ён якраз той Ёзаф, мне з Дражава пісалі, які застрэліў сваю жонку за тое, што яна папракала яго п’янствам. Але тут ён як замахнецца на мяне, я ўхіліся, і ён разбіў шкліну на пярэдняй пляцоўцы, тую вялікую, што перад вагонаважатым. Дык нас высадзілі, адвялі ў камісарыят, а там высветлілася, што ён таму такі прынцыповы, што звалі яго зусім не Ёзаф Новатны, а Эдуард Дубрава, і быў ён з Мантгомеры ў Амерыцы, а сюды прыехаў наведаць сваякоў.
У гэты самы час надпаручнік Лукаш вывучаў у сваім пакоі толькі што перададзены яму з штаба палка шыфр з інструкцыяй, як яго расшыфроўваць, і адначасова сакрэтны шыфраваны загад аб напрамку, па якім маршавы батальён павінен быў рухацца да галіцыйскай мяжы (першы этап).
7217–1238 – 475 – 2121 – 375=Машон* 8922 – 375 – 7282=Раб* 4432–1238–7217 – 375 – 8922 – 35=Камарна 7282–9299 – 310–375 – 7881 – 298–475 – 7979= =Будапешт
7217–1238 – 475 – 2121 – 375=Машон*
8922 – 375 – 7282=Раб*
4432–1238–7217 – 375 – 8922 – 35=Камарна
7282–9299 – 310–375 – 7881 – 298–475 – 7979= =Будапешт
Расшыфроўваючы гэтыя лічбы, надпаручнік Лукаш уздыхнуў:
– Чорт бы іх усіх пабраў!
Частка III. Урачыстая лупцоўка
Частка III. Урачыстая лупцоўка
Раздзел I. Праз Венгрыю
Раздзел I. Праз Венгрыю
Нарэшце дачакаліся таго моманту, калі ўсіх распіхалі па вагонах з разліку сорак два чалавекі або восем коней. Коні, вядома, ехалі з большай выгодай, бо маглі спаць стоячы. Зрэшты, гэта не мела асаблівага значэння – вайсковы эшалон вёз у Галіцыю новую партыю людзей на смерць.
I ўсё ж, калі поезд крануўся, гэтыя стварэнні адчулі нейкую палёгку, было ўжо хоць нешта пэўнае, бо да гэтага моманту была толькі нясцерпная невядомасць, паніка і бясконцыя пытанні: калі адправяць – сёння, заўтра ці паслязаўтра. Некаторыя пачувалі сябе так, як асуджаныя на смерць у пакутлівым чаканні прыходу ката. Але калі ён ужо прыйшоў, надыходзіць супакаенне – нарэшце гэта скончыцца. Відаць, таму адзін з салдат крычаў, як звар’яцелы: «Едзем! Едзем!»