Светлый фон

– Адсюль, панове, шлях на Буг ляжыць цераз Сакаль, – прамовіў палкоўнік Шрэдэр з выглядам прарока і, кіруючыся памяццю, працягнуў указальны палец да Карпат, пры гэтым улез у адну з тых кучак, з дапамогай якіх кот стараўся зрабіць карту ваенных дзеянняў больш рэльефнай.

– Was ist das, meine Herren? – спытаў ён ca здзіўленнем, калі нешта наліпла яму на палец.

– Wahrscheinlich Katzendreck, Herr Oberst, – адказаў за ўсіх вельмі ветліва капітан Сагнер.

Палкоўнік Шрэдэр рынуўся ў суседнюю канцылярыю, адкуль пачуліся страшэнныя праклёны і жахлівыя пагрозы, што ён прымусіць усю канцылярыю вылізаць языком кашэчыя сляды.

Допыт быў кароткі. Высветлілася, што ката два тыдні назад прыцягнуў у канцылярыю малодшы пісар Цвібельфіш. Пасля завяршэння следства Цвібельфіш сабраў усе свае манаткі, а старшы пісар адвёў яго на гаўптвахту і пасадзіў аж да далейшых распараджэнняў пана палкоўніка.

Гэтым, уласна кажучы, нарада і закончылася. Вярнуўшыся да афіцэраў, увесь чырвоны ад злосці, палкоўнік Шрэдэр коратка кінуў:

– Прашу паноў афіцэраў быць гатовымі і чакаць маіх загадаў і інструкцый.

Сітуацыя па-ранейшаму заставалася нявысветленай. Паедуць ці не? Швейк з задавальненнем заставаўся на сваім пасту каля тэлефона і на пытанні «Што новага?» адказваў, што нічога пэўнага пакуль не ведае ніхто.

Гэтак жа ён адказаў і на пытанне надпаручніка Лукаша.

– Што ў вас новага?

– Нічога пэўнага пакуль не вядома, пан обер-лейтэнант, – стэрэатыпна адказаў Швейк.

– Асёл! Павесьце трубку.

Потым прыйшло некалькі тэлефанаграм, якія пасля доўгіх непаразуменняў Швейк прыняў. Адна з тэлеграм была адрасавана ўсім батальёнам, ротам і падраздзяленням палка: «Копія з тэлефанаграмы брыгады № 75692. Загад па брыгадзе № 172.

У справаздачах аб гаспадарчай дзейнасці палявых кухняў належыць пры найменаванні спажытых прадуктаў прытрымлівацца наступнага парадку: 1 – мяса, 2 – кансервы, З – гародніна свежая, 4 – гародніна сушаная, 5 – рыс, 6 – макароны, 7 – крупы, 8 – бульба; замест ранейшага парадку: 4 – гародніна сушаная, 5 – гародніна свежая».

Калі Швейк прачытаў гэта старшаму пісару, Ванак урачыста заявіў, што такія тэлефанаграмы трэба выкідваць у прыбіральню.

– Гэта прыдумаў які-небудзь дурыла ў штабе арміі, а потым гэта ідзе па ўсіх дывізіях, брыгадах, палках.

Затым Швейк прыняў яшчэ адну тэлефанаграму, якую прадыктавалі так хутка, што ён паспеў запісаць у блакнот нешта накшталт шыфра: «З прычыны дакладней дазваляецца альбо самастойна насупраць ва ўсіх выпадках належыць аплаце».

– Усё гэта лішняе, – сказаў Ванак пасля таго, як Швейк страшэнна здзівіўся таму, што напісаў, і тройчы запар прачытаў усё ўголас. – Лухта нейкая, хаця, чорт іх ведае! – можа гэта шыфраваная тэлефанаграма. Але ж у нашай роце няма шыфравальнага аддзялення. Так што таксама можна выкінуць.