Светлый фон

Старшы пісар, безумоўна, меў рацыю, калі гаварыў Швейку, што няма чаго спяшацца. Прайшло некалькі дзён, пакуль салдаты ўладкаваліся ў вагонах, і ўвесь гэты час не спыняліся размовы аб кансервах. А шматвопытны Ванак заявіў, што гэта фантазія. Якія там кансервы! Палявая імша – вось гэта зусім рэальна. Тое ж самае было і з папярэдняй маршавай ротай. А калі ёсць кансервы, адпадае палявая імша. Так што палявая імша ў пэўным сэнсе з’яўляецца заменай кансерваў.

I сапраўды – замест кансерваў паявіўся обер-фельдкурат Ібл, які адным скокам адслужыў імшу для трох батальёнаў. Два з іх ён благаславіў на Сербію, а адзін – на Расію.

Пры гэтым ён сказаў натхнёную прамову, матэрыял для якой, што ўсе заўважылі, ён узяў з вайсковых календароў. Прамова настолькі ўсхвалявала ўсіх, што па дарозе ў Машон Швейк, які ехаў з Ванакам у адным вагоне, ператвораным у імправізаваную канцылярыю, прыгадваючы прамову, сказаў старшаму пісару:

– Гэта было вельмі прыгожа і павучальна. Я ўсё добра запамятаў і, калі вярнуся з вайны, буду расказваць пра гэта «Ля келіха». Пан фельдкурат, калі нам гэта выкладаў, так раскірэчыўся, што я збаяўся, як бы яму не паслізнуцца ды не ўпасці на палявы алтар, ён жа мог разбіць сабе кумпал аб дараносіцу. Ен прывёў нам такі цудоўны прыклад з гісторыі нашай арміі, калі ў ёй яшчэ служыў Радзецкі. Тады над полем бою з вячэрняй заранкай зліваўся агонь палаючых стадол. Як быццам ён бачыў усё на ўласныя вочы!

У той жа дзень обер-фельдкурат Ібл трапіў у Вену і іншаму маршаваму батальёну расказаў тую ж павучальную гісторыю, пра якую ўспамінаў Швейк.

– Дарагія салдаты, – красамоўнічаў обер-фельдкурат Ібл, – уявіце сабе, што зараз сорак восьмы год і толькі што перамогай закончылася бітва ля Кустоцы*. Пасля дзесяцігадзіннага бою італьянскі кароль Альберт быў вымушаны пакінуць крывавае поле бітвы нашаму «бацьку салдат», фельдмаршалу Радзецкаму, які на восемдзесят чацвёртым годзе жыцця атрыыаў такую бліскучую перамогу. I вось, дарагія салдаты, на ўзгорку перад здабытай Кустоцай праслаўлены палкаводзец прытрымлівае каня. Вакол яго верныя генералы. Усё акружэнне разумее сур’ёзнасць моманту, бо, салдаты, непадалёк ад фельдмаршала ляжыць воін, які змагаецца са смерцю. Цяжкаранены на полі славы, з раструшчанымі нагамі, сцяганосец Герт адчувае, што на яго глядзіць фельдмаршал Радзецкі. Смяртэльна паранены сцяганосец стынучай рукой сціскае ў захапленні свой залаты медаль. Пры поглядзе на слаўнага фельдмаршала зноў забілася яго сэрца, знявечанае цела напружылася ў апошнім звышчалавечым намаганні падпаўзці да фельдмаршала. «Не турбуйся, мой храбры воін!* – усклікнуў фельдмаршал, сышоў з каня і працягнуў салдату руку. «На жаль, пан фельдмаршал, у мяне перабіты абедзве рукі, – уздыхнуў, паміраючы, воін. – Прашу вас толькі аб адным. Скажыце праўду: бой закончыўся нашай перамогай?» «Нашай, мілы брат мой, – ласкава адказаў фельдмаршал. – і Шкада, што твая радасць азмрочана раненнем». «Так, высокашаноўны пане, мне канец», – ледзь чутна вымавіў паранены, прыемна ўсміхаючыся. «Хочаш піць?» – спытаў Радзецкі. «Дзень быў гарачы, пан фельдмаршал, звыш трыццаці градусаў спякоты».