Тады Радзецкі, узяўшы ў аднаго са сваіх ад’ютантаў паходную біклагу, падаў яе параненаму. Апошні адным вялікім глытком спатоліў сваю смагу. «Хай пан бог аддзячыць вам тысячакратна!» – усклікнуў ён, спрабуючы пацалаваць руку свайму палкаводцу. «Як даўно ты служыш?» – спытаў той. «Больш за сорак гадоў, пан фельдмаршал. Я атрымаў залаты медаль і гарматны крыж*. Пяць разоў я быў смяртэльна паранены, але цяпер мне сапраўды канец. Але якое шчасце, якая асалода, што я дажыў да сённяшняга дня! Што мне смерць, калі мы дажылі да перамогі і імператару вернуты яго землі!»
У гэты момант, дарагія салдаты, з боку лагера данесліся велічныя гукі нашага гімна. Магутна і ўрачыста прагучалі яны над полем бітвы. «Няхай жыве Аўстрыя! – з уздымам усклікнуў воін, які яшчэ раз паспрабаваў падняцца. – Няхай жыве Аўстрыя! Хай вечна гучыць наш цудоўны гімн! Няхай жыве наш палкаводзец! Няхай жыве армія!»
Паранены яшчэ раз прыўзняўся, схіліўся да правай рукі фельдмаршала, пацалаваў яе і ўпаў, апошні ціхі ўздых вырваўся з яго шляхетнай душы. Палкаводзец з непакрытай галавой стаяў перад трупам аднаго з лепшых сваіх салдат. «Такой прыгожай смерці можна толькі пазайздросціць, – прачула сказаў фельдмаршал і схаваў свой твар у далонях. – Мілыя воіны, і я жадаю вам усім дажыць да такой цудоўнай смерці!..».
Успамінаючы гэтую прамову обер-фельдкурата Ібла, Швейк меў поўнае права назваць яго «ідыётам у квадраце».
Затым Швейк падзяліўся сваімі меркаваннямі аб загадах, зачытаных салдатам перад пасадкай на поезд. Спачатку іх пазнаёмілі з загадам па арміі, падпісаным Францам-Іосіфам, а потым ім прачыталі загад галоўнакамандуючага Усходняй арміяй эрцгерцага Іосіфа-Фердынанда. Абодва датычылі падзеі, якая адбылася 3 красавіка 1915 года на Дукельскім перавале, дзе два батальёны Дваццаць восьмага палка з афіцэрамі пад гукі палкавога аркестра перайшлі на бок рускіх.
Абодва загады былі зачытаны дрыготкім голасам і ў перакладзе на чэшскую мову гучалі так:
ЗАГАД ПА АРМІІ АД 17 КРАСАВІКА 1915 ГОДАПерапоўнены горыччу, загадваю выкрасліць імператарскі каралеўскі 28-ы пяхотны полк з рэестраў майго войска за баязлівасць і здраду. Загадваю адабраць сцяг у палка, які пакрыў сябе ганьбай, і перадаць яго ў вайсковы музей. Полк, які ўжо на радзіме быў раскладзены і адправіўся на тэатр ваенных дзеянняў з тым, каб ажыццявіць свае здрадніцкія намеры, з сённяшняга дня перастае існаваць. ФРАНЦ-ІОСІФ І