Светлый фон

Хадоўнскі страшыў яго: цяпер, маўляў, жарты скончыліся, за гэта належыць куля.

– Калі ўжо прыйдзе канец гэтым пакутам!. – бедаваў Балоўн. – Аднаго разу, на манеўрах пад Воціцамі, са мной гэта ледзьве не здарылася. Там мы ўжо даходзілі ад голаду і смагі, і калі да нас прыехаў ад’ютант батальёна, я крыкнуў: «Дайце нам вады і хлеба!» Дык гэты ад’ютант павярнуў да мяне каня і сказаў, што калі б такое адбылося ў ваенны час, то ён паставіў бы мяне перад строем і загадаў расстраляць. Але зараз мірны час, таму ён толькі пасадзіць мяне ў гарнізонную турму. Мне тады здорава пашчасціла: па дарозе ў штаб, куды ён ехаў з данясеннем аб гэтым здарэнні, конь нечага спалохаўся, памчаў, ад’ютант упаў і, дзякаваць богу, скруціў сабе шыю.

Балоўн цяжка ўздыхнуў, папярхнуўся кавалкам хлеба і, калі адсопся, прагна паглядзеў на два сакваяжы надпаручніка Лукаша, якімі ён павінен быў апекавацца.

– Паны афіцэры, – вымавіў ён меланхалічна, – атрымалі пячоначныя кансервы і венгерскае салямі. Вось такі кавалачак.

Пры гэтым ён тужліва пазіраў на сакваяжы свайго надпаручніка, як пакінуты ўсімі сабака, які галодны сядзіць каля каўбаснай і ўдыхае пах гатаваных кумпякоў.

– Не пашкодзіла б, – заўважыў Хадоўнскі, – калі б нас дзе-небудзь чакалі з добрым абедам. Калі мы ў пачатку вайны ехалі ў Сербію, то абжыраліся на кожнай станцыі, так шчодра нас усюды частавалі. З гусіных ножак мы здымалі толькі лепшыя палоскі мяса, потым рабілі з іх шашкі і гулялі ў «ваўкоў і авечак> на плітках шакаладу. У Харватыі, у Осеку, двое з саюза ветэранаў прынеслі нам у вагон вялікі кацёл тушаных зайцаў, дык мы ўжо не вытрымалі і вылілі ім усё на галаву. Затое ў Босніі нам нават вады не давалі. Але да Босніі гарэлкі розных гатункаў было, колькі душа хацела, хоць піць і забаранялася.

Усю дарогу мы былі быццам ачмурэлыя, я нават не мог адрозніць жалудовага туза. Раптам, як гром з неба, загад вылазіць. Мы нават не паспелі партыю дагуляць, вылезлі з вагонаў. Нейкі капрал, прозвішча не памятаю, крычаў сваім людзям, каб яны спявалі: «Мы пакажам гэтым сербам, што аўстрыйцы перамогуць». Але хтосьці з-заду паддаў яму так, што ён пераляцеў праз рэйкі. Потым зноў крычаць: «Вінтоўкі ў козлы!» Поезд тут жа паражняком пайшоў назад. Ну, і вядома, як заўсёды ў час панікі, павезлі і наш правіянт на два дні. I адразу ж паблізу, як адсюль вунь да тых дрэў, пачала рвацца шрапнель. З другога канца прыехаў камандзір батальёна і склікаў усіх афіцэраў на нараду, а потым прыйшоў обер-лейтэнант Мацак – напраўдашні чэх. Гаварыў толькі па-нямецку і расказвае, – а сам белы як смерць, – што далей ехаць нельга, чыгуначныя пуці ўзарваны, сербы ўначы пераправіліся цераз раку і зараз знаходзяцца на левым флангу, але ад нас яшчэ далёка. Мы, нібыта, атрымаем падмацаванне і раскалашмацім іх ушчэнт. А калі што якое, ніхто не павінен здавацца ў палон, бо сербы, чутно, адразаюць палонным вушы, насы і выколваюць вочы. На тое, што непадалёк рвецца шрапнель, не варта зважаць: гэта наша артылерыя прыстрэльваецца. Раптам недзе за гарой чуецца та-та-та-та-та-та. Гэта, быццам бы, прыстрэльваюцца нашы кулямёты. Потым злева пачалася кананада. Пачуўшы яе, мы заляглі. Цераз нас пераляцела некалькі гранат, яны запалілі вакзал, з правага боку засвісталі кулі, а ўдалечыні пачуліся залпы і шчоўканне затвораў. Обер-лейтэнант Мацак загадаў разабраць вінтоўкі з козлаў і зарадзіць іх. Дзяжурны падышоў да яго і далажыў, што выканаць загад немагчыма, бо ў нас няма боепрыпасаў. Іх мы павінны атрымаць на наступным этапе, перад самымі пазіцыямі. Поезд з боепрыпасамі ехаў паперадзе нас і, мяркуючы па ўсім, ужо трапіў у рукі сербаў. Обер-лейтэнант Мацак хвіліну стаяў, як пень, а потым аддаў загад: «Bojonett auf!» – сам не ведаючы, навошта, з адчаю і каб хоць што-небудзь рабілася. Так мы досыць доўга стаялі ў баявой гатоўнасці, потым зноў палезлі па шпалах, таму што ў небе заўважылі нечы аэраплан і унтэр-афіцэры загарлапанілі: «Усім схавацца!» Неўзабаве высветлілася, што аэраплан быў наш, і яго памылкова збіла наша артылерыя. Мы зноў усталі, і ніякіх загадаў. Раптам бачым, ляціць да нас кавалерыст і яшчэ здалёк крычыць: «Дзе камандаванне батальёна?» Камандзір батальёна выехаў яму насустрач. Коннік падаў яму нейкую карталюшку і паскакаў далей. Камандзір батальёна прачытаў па дарозе атрыманую паперу і раптам нібы ашалеў, выхапіў шаблю і паляцеў да нас. «Усе назад! Усе назад! – закрычаў ён на афіцэраў. – Накірунак на лагчыну! Па адным!» I тут пачалося! З усіх бакоў, нібыта толькі гэтага і чакалі, пачалі па нас смаліць. Злева ад палатна было кукурузнае поле, там было пекла! Мы на карачках папаўзлі ў даліну, кайстры пакідалі на тых праклятых шпалах. Обер-лейтэнанта Мацака трахнула па галаве, ён і вохнуць не паспеў. Перш чым схавацца ў даліне, мы страцілі шмат забітымі і параненымі. Іх мы кінулі і пабеглі без аглядкі. I ўцякалі аж да вечара. Усё навакол яшчэ да нашага прыходу было спустошана нашымі салдатамі. Адзінае, што мы згледзелі, – разрабаваны абоз. Нарэшце дабраліся да станцыі, дзе атрымалі новы загад: сесці ў поезд і ехаць назад да штаба, чаго мы выканаць не маглі, бо ўвесь штаб за дзень да таго папаў у палон. Пра гэта мы даведаліся яшчэ раніцой. I засталіся мы, нібы сіроты, ніхто пра нас і ведаць не хацеў. Далучылі наш атрад да Семдзесят трэцяга палка, каб лягчэй было адступаць, што мы зрабілі з вялікай радасцю. Але каб дагнаць Семдзесят трэці полк, нам давялося цэлы дзень маршыраваць.