Ніхто яго ўжо не слухаў. Швейк з Ванакам гулялі Ў «доўгі мар’яж». Кухар-акультыст з афіцэрскай кухні працягваў пісаць падрабязны ліст сваёй жонцы, якая ў часе яго адсутнасці пачала выдаваць новы тэасофскі часопіс. Балоўн драмаў на лаўцы, і тэлефаністу Хадоўнскаму не заставалася нічога іншага, як паўтараць: «Так-так, гэтага я не забуду…».
Тым часам кухар-акультыст закончыў ліст і пачаў перачытваць яго, яўна задаволены тым, як усё ж ён спрытна абышоў вайсковую цэнзуру: «Дарагая жонка!
Калі ты атрымаеш гэтыя радкі, я ўжо некалькі дзён буду ў поездзе, бо мы ад’язджаем на фронт. Мяне гэта не вельмі радуе, таму што ў поездзе мы будзем лынды біць і я не змагу быць карысным, паколькі ў нашай афіцэрскай сталоўцы не гатуюць, а яду мы атрымліваем на станцыях. Я з вялікай ахвотай гатаваў бы панам афіцэрам гуляш, калі будзем ехаць па Венгрыі. Але ўсе мае спадзяванні не збыліся. Можа, калі мы прыедзем у Галіцыю, надарыцца магчымасць прыгатаваць сапраўдную галіцыйскую «шоўлю» – тушаную гусь з ячнай кашай або рысам. Павер, любая Геленка, я ўсёй душой імкнуся зрабіць як мага больш прыемным жыццё паноў афіцэраў, поўнае клопатаў і напружанай працы. Мяне адкамандзіравалі з палка ў маршавы батальён, што было самым гарачым маім жаданнем – нават на вельмі сціплыя сродкі весці палявую кухню найлепшым чынам. Успомні, дарагая Геленка, як ты, калі мяне прызвалі, жадала, каб я трапіў да добрага начальства. Тваё пажаданне збылося: мне грэх скардзіцца, усе паны афіцэры – нашы лепшыя сябры, а да мяне ставяцца проста па-бацькоўску. Пры першай жа магчымасці я паведамлю табе нумар нашай палявой пошты».
Гэты ліст быў выкліканы той акалічнасцю, што кухар-акультыст як след раззлаваў палкоўніка Шрэдэра, які да гэтага часу яму спрыяў. Але на развітальнай вячэры афіцэраў маршавага батальёна палкоўніку, па нешчаслівай выпадковасці, не хапіла порцыі рулету з цялячых нырак, і палкоўнік Шрэдэр паслаў кухара з маршавым батальёнам на фронт, даверыўшы палкавую афіцэрскую кухню нейкаму няшчаснаму настаўніку са школы сляпых на Клараве.
Кухар-акультыст яшчэ раз прабег напісанае. Ліст яму падаўся вельмі дыпламатычным для таго, каб утрымацца падалей ад поля бою, бо, што б там ні казалі, а пасада кухара і на фронце лафа. Праўда, да арміі ён, рэдактар і выдавец акультнага навуковага часопіса пра тагасветныя праблемы, напісаў вялікі артыкул з заклікам не баяцца смерці і нататку аб перасяленні душ.
Ведаючы гэта, старшы пісар Ванак папрасіў кухара-акультыста:
– Раскажыце нам пра перасяленне душ, як гэта вы расказвалі паненцы ў канціне.