Калі ў галаве капітана Сагнера ўсё сяк-так уляглося, ён адышоў ад акна. Вялікім педагагічным талентам пахваліцца ён не мог, таму столькі часу пайшло на тое, каб скласці поўны план лекцыі пра значэнне сто шэсцьдзесят першай старонкі.
Перш чым пачаць сваю прамову, ён звярнуўся да афіцэраў: «Meine Herren!», – як гэта рабіў дзед палкоўнік, хаця раней, яшчэ перад пагрузкай у вагоны, ён называў ix «Kameraden».
– Also, meine Herren! – i Сагнер узяўся чытаць лекцыю аб тым, што надоечы вечарам ён атрымаў ад палкоўніка інструкцыю наконт старонкі сто шэсцьдзесят першай у «Die Sünden der Väter» Людвіга Гангофера. – Перад намі зусім сакрэтная інфармацыя, якая датычыць сістэмы шыфроўкі палявых дэпеш.
Кадэт Бігнер выцягнуў запісную кніжку і аловак і голасам, у якім адчувалася зацікаўленасць і руплівасць, вымавіў: «Я гатоў, пан капітан». Усе азірнуліся на гэтага дурненькага, стараннасць якога ў школе вальнапісаных межавала з ідыятызмам. Йн добраахвотна пайшоў у армію і пры кожным выпадку, калі начальнік школы знаёміўся з сямейным становішчам сваіх вучняў, заяўляў, што яго продкі пісаліся ў мінулым «Бюглер фон Лейтгольд» і што на іх гербе было крыло бусла з рыбіным хвастом.
З таго часу кадэта празвалі «буслінае крыло з рыбiным хвастом». Яго незалюбілі і жорстка з яго здзекаваліся, яшчэ і таму, што герб ніяк не стасаваўся да саліднай фірмы яго бацькі, які гандляваў заечымі і трусінымі шкуркамі. Не дапамагала і тое, што гэты рамантычны энтузіяст сумленна стараўся паглынуць усю ваенную навуку, вызначаўся стараннасцю і ведаў не толькі тое, чаму яго вучылі, але і забіваў сабе галаву вывучэннем трактатаў па ваенным майстэрстве і гісторыі войнаў. Ён заўсёды пачынаў размовы на гэтую тэматыку, пакуль яго не абрывалі і не ставілі на сваё месца. У афіцэрскім асяроддзі ён лічыў сябе роўным вышэйшым чынам.
– Паслухайце, кадэт! – сказаў капітан Сагнер. – Пакуль я вам не дазволю гаварыць, памаўчыце. Вас не пытаюць. I не стройце з сябе надта разумнага салдата! Я паведамляю зусім сакрэтную інфармацыю, а вы запісваеце ў свой нататнік. У выпадку яго страты вас чакае ваенна-палявы суд!
У дадатак да ўсяго, у кадэта Біглера была паганая прывычка апраўдвацца: ён стараўся пераканаць кожнага, што ў яго былі добрыя намеры.
– Асмелюся далажыць, пан капітан, – адказаў ён, – нават у выпадку страты запісной кніжкі ніхто не можа расшыфраваць, што там напісана, бо я стэнаграфую і мае скарачэнні ніхто прачытаць не можа. Я карыстаюся англійскай сістэмай стэнаграфіі.
Усе з пагардай паглядзелі на яго. Капітан Сагнер махнуў рукой і працягваў сваю лекцыю: