Капітан Сагнер з адчаю пачаў чытаць злашчасны раман «Грахі бацькоў». Калі поезд спыніўся на станцыі Раб, ён загарнуў яе і зазначыў:
– Гэты Людвіг Гангофер няблага піша. надпаручнік Лукаш першы выскачыў са штабнога вагона і скіраваўся да таго, у якім ехаў Швейк.
Швейк і яго прыяцелі даўно ўжо скончылі гуляць у карты, калі ў дзвярах вагона з’явіўся надпаручнік Лукаш.
– Швейк, хадзіце сюды! – паклікаў ён. – Мне трэба ў вас сёе-тое высветліць.
– Слухаюся, іду, пан обер-лейтэнант. надпаручнік Лукаш павёў Швейка з сабой. У поглядзе, які ён кінуў на свайго дзеншчыка, было некаторае падазрэнне. Справа ў тым, што надпаручнік Лукаш у часе лекцыі капітана Сагнера, якая скончылася такім фіяска, адчуў у сабе дэтэктыўныя здольнасці і знайшоў адзіна магчымае рашэнне загадкі. Для гэтага нават не спатрэбіліся складаныя хады і камбінацыі, бо за дзень да ад’езду Швейк дакладваў Лукашу: «Пан обер-лейтэнант, у батальёне ляжаць нейкія кніжкі для паноў афіцэраў. Я іх прынёс з палкавой канцылярыі».
Калі Лукаш і Швейк перайшлі праз пуці і спыніліся каля патушанага лакаматыва, які ўжо тыдзень чакаў састава з боепрыпасамі, Лукаш проста, без хітрыкаў спытаў:
– Швейк, што было тады з тымі кніжкамі?
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, гэта вельмі доўгая гісторыя, а вы заўсёды гневаецеся, калі я расказваю ўсё падрабязна. Памятаеце, вы разарвалі адносіну наконт ваеннай пазыкі і хацелі мне даць поўху, а я вам апавядаў, што ў нейкай кніжцы чытаў, як раней у час вайны людзі плацілі з акна: за кожнае акно дваццаць гелераў і з гусі столькі ж…
– Так мы з вамі да раніцы не скончым, – перапыніў надпаручнік. Ён загадзя вырашыў весці допыт так, каб самае важнае да Швейка не дайшло, бо гэты лайдак мог бы дзе-небудзь ляпнуць…
– Вы ведаеце Гангофера?
– А хто ён такі? – ветліва пацікавіўся Швейк.
– Нямецкі пісьменнік, дуралей вы няшчасны! – раззлаваўся надпаручнік Лукаш.
– Дальбог, пан обер-лейтэнант, – сказаў Швейк з выразам пакуты на твары, – асабіста я не знаёмы ні з адным нямецкім пісьменнікам. Я быў знаёмы толькі з адным чэшскім пісьменнікам Ладзіславам Гаекам з Дамажліц. Ён быў рэдактарам часопіса «Свет жывёлы», і я яму прадаў дварнячка за чыстакроўнага шпіца. Вельмі вясёлы і годны быў чалавек. Хадзіў ён у адзін шынок і заўсёды чытаў там свае апавяданні, такія журботныя, што мы ўсе падалі ад смеху, а ён плакаў і плаціў за ўсіх. А мы павінны былі яму спяваць:
Дамажліцкая брама Пекна размалявава. A хто браму маляваў, Той паненак цалаваў… A цяпер яго няма, Узяла яго зямля…– Вы не ў тэатры, Швейк! Раскрычаліся, як оперны спявак, – спалохана прашыпеў надпаручнік Лукаш, калі Швейк зацягнуў апошнюю фразу: «А цяпер яго няма, узяла яго зямля…» Я вас не пра гэта пытаю. Я хацеў толькі даведацца, ці заўважылі вы, што тыя кніжкі, пра якія мы гаварылі, гэта творы Гангофера? Дык што зрабілася з тымі кніжкамі? – ужо са злосцю запытаў надпаручнік.