– Пра перасяленне душ я ўжо чуў, – абазваўся Швейк. – Я таксама некалькі гадоў назад вырашыў, каб не адставаць, заняцца, прабачце за такое слова, самаадукацыяй і пайшоў у чытальню Пражскага прамысловага таварыства. Але, паколькі я быў галадранцам і свяціў дзіркамі на азадку, то заняцца самаадукацыяй не змог, у чытальню мяне не пусцілі і вывелі вон, бо западозрылі, што я прыйшоў красці паліто. Тады я надзеў святочны касцюм і пайшоў з таварышам у бібліятэку. Там мы ўзялі кніжку аб перасяленні душ. I ў ёй я вычытаў, што адзін індыйскі імператар пасля смерці ператварыўся ў свінню, калі гэтую свінню закалолі, ён ператварыўся ў малпу, з малпы ў барсука, а з барсука ў міністра. У арміі я пераканаўся, што доля праўды тут ёсць, бо кожны, у каго на пагонах ёсць хоць адна зорачка, абзывае салдат або марскімі свіннямі, або яшчэ якім-небудзь звярыным імем. З гэтага можна зрабіць вывад, што тысячу гадоў назад гэтыя простыя салдаты былі славутымі палкаводцамі. А ў вайну такое перасяленне душ – чыстае глупства. Чорт ведае, колькі разоў чалавек пераменіцца, пакуль ён зробіцца, скажам, тэлефаністам, кухарам або пехацінцам! I раптам яго разарве снарадам, а яго душа ўваходзіць у якога-небудзь артылерыйскага каня. А потым у батарэю, калі яна займае нейкую вышыню, зноў трапляе снарад і заб’е каня, у якога ўвасобіўся той нябожчык, тады тая душа ў момант перасяляецца ў абозную карову, з якой прыгатуюць гуляш для ўсёй вайсковай часці, а з каровы – скажам, у тэлефаніста, а з тэлефаніста…
– Дзіўна мне, – перабіў Швейка відочна пакрыўджаны Хадоўнскі, – чаму акурат я павінен быць мішэнню вашых дурных досціпаў?
– Скажыце, той Хадоўнскі, які трымае дэтэктыўнае бюро з фірменнай маркай «Вока» – не ваш, выпадкам, сваяк? – наіўна спытаў Швейк. – Я вельмі люблю прыватных дэтэктываў. Некалькі гадоў назад я адбываў салдатчыну разам з адным прыватным дэтэктывам, нейкім Штэндлерам. У яго была такая гузаватая галава, ну проста яловая шышка дый годзе! I наш фельдфебель любіў паўтараць, што ён за дванаццаць гадоў службы бачыў мноства шышкападобных вайсковых галоў, але такой шышкі ён нават уявіць сабе не мог. «Паслухайце, Штэндлер, – гаварыў ён яму, – калі б сёлета не было манеўраў, дык бы ваша шышкападобная галава нават для вайсковай службы не спатрэбілася. Але цяпер па вашай шышцы будзе, прынамсі, наша артылерыя прыстрэльвацца, калі прыйдзем у такую мясціну, дзе не будзе якога лепшага арыенціра». Ох, і нацярпеўся ад яго небарака! Часам на маршы вышле яго фельдфебель на пяцьсот крокаў наперад, а потым камандуе: «Напрамак – галавашышка!» Гэтаму Штэндлеру і як прыватнаму дэтэктыву страшэнна не шанцавала. Ён часцяком у канціне расказваў, колькі яму давялося зазнаць на такой службе! Атрымлівае ён, напрыклад, заданне, пасачыць за жонкай свайго кліента. Той прыбягае не помнячы сябе ў іх кантору і дае даручэнне разведаць, ці не знюхалася яго жонка з другім, а калі знюхалася, то з кім знюхалася, дзе і як знюхалася. Альбо наадварот. Якая-небудзь раўніваЯ баба захоча дапільнаваць, з кім бадзяецца яе муж, каб мець падставы ўсчынаць дома яшчэ большы гвалт. Штэндлер быў чалавек адукаваны, пра парушэнне сямейнай вернасці гаварыў у самых далікатных словах і ледзь не плакаў, расказваючы, як ад яго патрабавалі, каб ён застаў «яе» або «яго» in flagranti. Іншы дык, напэўна, абрадаваўся б, застаўшы такую парачку in flagranti, і толькі б узіраўся, вачэй не спускаючы, а Штэндлер, паводле яго слоў, у такіх выпадках сам бянтэжыўся.