Светлый фон

Уніклівы кадэт Біглер шматзначна кашлянуў.

– Дазволю сабе звярнуць вашу ўвагу, пан капітан, – сказаў ён, – на кнігу Керыкгофа пра ваенную шыфроўку. Гэтую кнігу можна заказаць у выдавецтве Вайсковага навуковага слоўніка. Там, пан капітан, падрабязна апісваецца метад, які вы толькі што нам асвятлялі. Вынаходнікам гэтага метаду з’яўляецца палкоўнік Кірхнер, які служыў у саксонскім войску пры Напалеоне Першым. Гэта, пан капітан, метад шыфроўкі словамі. Кожнае слова дэпешы расшыфроўваецца на супрацьлеглай старонцы ключа. Метад быў удасканалены паручнікам Флейснерам у яго кнізе «Дапаможнік па вайсковым тайнапісе», якую кожны можа купіць у выдавецтве Вайсковай акадэміі ў Вінер-Нойштаце. Калі ласка, пан капітан.

Кадэт Біглер палез у куфэрак і выцягнуў кніжку, пра якую толькі што гаварыў.

– Калі ласка, Флейснер прыводзіць той жа самы прыклад. Той жа самы прыклад, які мы ўсе зараз чулі. Толькі паглядзіце далей: Дэпеша: «На вышыні 228 накіраваць кулямётны агонь налева». Ключ: Людвіг Гангофер, «Грахі бацькоў», другі том і гэтак далей. Усё так, як мы хвіліну назад чулі, цот у цот!

Супраць гэтага ніхто пярэчыць не змог бы. Смаркатае «буслінае крыло з рыбіным хвастом» гаварыла чыстую праўду. У штабе арміі нехта з паноў генералаў зрабіў сабе палёгку: знайшоў кнігу Флейснера пра ваенныя шыфры, і канец.

Пакуль усё гэта высвятлялася, надпаручнік Лукаш стараўся адолець нейкае незразумелае душэўнае хваляванне. Ён кусаў сабе губы, хацеў было нешта сказаць, але калі пачаў гаварыць, то сказаў зусім не тое, што збіраўся выказаць.

– Не варта ўсё гэта ўспрымаць так трагічна, – вымавіў ён у нейкай збянтэжанасці. – За час нашага побыту ў лагеры ў Бруку на Лейце змянілася некалькі сістэм шыфроўкі дэпеш. Пакуль мы прыедзем на фронт, дык ужо будуць новыя сістэмы, але думаю, што ў палявых умовах не застанецца часу на разгадванне падобнага тайнапісу. Перш чым хто-небудзь з нас паспее расшыфраваць падобны прыклад, ад батальёна, роты ці брыгады і паміну не будзе. Практычнага значэння гэта не мае!

Капітан Сагнер, хоць і вельмі неахвотна, вымушаны быў згадзіцца.

– Праз хвіліну, – сказаў ён, гледзячы ў акно, – мы будзем у Рабе. Meine Herran! Салдаты атрымаюць тут па сто пяцьдзесят грамаў венгерскага салямі. Паўгадзіны адпачынку. – Ён паглядзеў на маршрут. – У чатыры дванаццаць ад’езд. У тры пяцьдзесят восем – усе па вагонах. Кантроль пры выдачы каўбасы вядзе кадэт Біглер.

Усе паглядзелі на кадэта Біглера са спачуваннем: «Давядзецца табе вытрымаць немалую бойку». Але старанны кадэт Біглер дастаў з куфэрка аркуш паперы, лінейку, разлінеіў аркуш паводле маршавых рот і пачаў пытацца ў афіцэраў, колькі ў іх ротах людзей, аднак ніводзін з камандзіраў гэтага толкам не ведаў.