– Я ўжо згадваў аб новым спосабе шыфроўкі палявых дэпеш. Вам, можа быць, здавалася незразумелым, чаму палкоўнік рэкамендаваў чытаць менавіта сто шэсцьдзесят першую старонку рамана Людвіга Гангофера «Грахі бацькоў». Гэта, панове, ключ да новай шыфравальнай сістэмы, уведзенай на падставе новага распараджэння штаба армейскага корпуса, да якога мы прыкамандзіраваны. Як вам вядома, ёсць шмат спосабаў шыфроўкі важных паведамленняў у палявых умовах. Найнавейшы метад, якім мы карыстаемся, – гэта дадатковы лікавы метад. Тым самым адпадаюць перададзены вам на мінулым тыдні штабам палка шыфр і ключ да яго.
– Сістэма эрцгерцага Альберта, запазычаная з Гронфельда, – 8922Р, – прамармытаў сабе пад нос уніклівы кадэт Біглер.
– ‘Новая сістэма надзвычай простая, – разносіўся па вагоне голас капітана. – Я асабіста атрымаў ад пана палкоўніка другі том і ключ. Калі нам, напрыклад, павінны перадаць загад: «На вышыні 228 накіраваць кулямётны агонь налева», то мы, панове, атрымаем наступную дэпешу: «Рэч – з намі – гэта – мы – паглядзець – у – гэта – абяцалі – гэта – Марта – цябе – гэта – баязліва – тады – мы – Марта – мы – гэтага – мы – удзячнасць – шчасліва – калегія – канец – мы – абяцалі – мы – палепшылі – абяцалі – сапраўды – думаю – ідэя – зусім – пануе – голас – апошнія.
Гэта выключна проста, без якіх-небудзь лішніх камбінацый. Ca штаба па тэлефоне ў батальён, з батальёна па тэлефоне ў роту. Камандзір, атрымаўшы гэтую шыфраваную дэпешу, расшыфруе яе наступным чынам: бяром «Грахі бацькоў», адгортваем сто шэсцьдзесят першую старонку і пачынаем шукаць зверху на супрацьлеглай старонцы сто шасцідзесятай слова «рэч». Калі ласка, панове! Першы раз слова «рэч» сустракаецца на старонцы сто шасцідзесятай па парадку фраз пяцьдзесят другім словам, тады на супрацьлеглай сто шэсцьдзесят першай старонцы шукаем пяцьдзесят другую літару зверху. Зазначце сабе, што гэта «Н». Наступнае слова ў дэпешы – гэта «з». На старонцы сто шасцідзесятай гэта – сёмае слова, яно адпавядае сёмай літары на старонцы сто шэсцьдзесят першай літары «а». Мы расшыфравалі: «на». I працягваем такім жа чынам, пакуль не расшыфруем загад: «На вышыні 228 накіраваць кулямётны агонь налева». Вельмі дасціпна, панове, проста, і няма ніякай магчымасці расшыфраваць без ключа сто шэсцьдзесят першай старонкі кнігі «Грахі бацькоў» Людвіга Гангофера.
Усе моўчкі паглядзелі на няшчасныя старонкі і неяк тужліва задумаліся. На хвіліну запанавала цішыня, і раптам кадэт Біглер заклапочана ўсклікнуў:
– Пан капітан, асмелюся далажыць… Езус Марыя! Не атрымліваецца!