Светлый фон

– З тымі, што я прынёс з палкавой канцылярыі? – задуменна перапытаў Швейк. – Яны сапраўды, пан обер-лейтэнант, былі напісаны тым, пра каго вы пыталі, ці не знаёмы я з ім. Я атрымаў тэлефанаграму проста з палкавой канцылярыі. Яны, бачыце, хацелі паслаць гэтыя кніжкі ў канцылярыю батальёна, але ў канцылярыі не было ніводнага чалавека, усе любой цаной хацелі быць у канціне, бо, ад’язджаючы на фронт, ніхто не ведае, ці давядзецца яшчэ калі-небудзь пасядзець у канціне. Дык вось яны там былі, былі і пілі. У іншых маршавых ротах таксама нікога не змаглі адшукаць па тэлефоне. Але ж вы мне загадалі як ардынарцу дзяжурыць ля тэлефона, пакуль да нас не будзе прыкамандзіраваны тэлеграфіст Хадоўнскі, я сядзеў і чакаў, калі прыйдзе мая чарга. У палкавой канцылярыі лаяліся, нікуды, маўляў, не дазвонішся, а атрымана тэлефанаграма з загадам забраць з палкавой канцылярыі кніжкі для паноў афіцэраў усяго маршавага батальёна. Я разумею, пан обер-лейтэнант, што на вайсковай службе трэба дзейнічаць хутка, і адказаў ім па тэлефоне, што сам забяру гэтыя кніжкі і аднясу ix у батальённую канцылярыю. Мне далі такі цяжкі ранец, што я ледзьве яго дацягнуў. Там і паглядзеў тыя кніжкі і разважыў па-свойму: старшы пісар у палкавой канцылярыі мне сказаў, што паводле тэлефанаграмы, якая была перададзена ў полк, у батальёне ўжо ведаюць, якую кніжку выбраць, які том. Гэтыя кніжкі былі ў двух тамах – першы том асобна, другі том асобна. Ніколі ў жыцці я так не смяяўся, таму што я прачытаў шмат кніжак, але ніколі не пачынаў чытаць з другога тома, а ён мне зноў: «Вось вам першыя тамы, а вось – другія. Каторы том павінны чытаць паны афіцэры, яны ўжо самі ведаюць!* Я падумаў, што ўсе нажлукціліся, таму што кніжку заўсёды чытаюць ад пачатку. Скажам, раман, які я прынёс, пра тыя бацькоўскія грахі (а я ведаю і нямецкую мову) трэба пачынаць з першага тома, бо мы не яўрэі і не чытаем адзаду наперад. Потым па тэлефоне я спытаў пра гэта вас, калі вы вярнуліся з афіцэрскага сходу. Я дакладваў вам пра гэтыя кніжкі, спытаў, ці не пайшло на вайне ўсё дагары нагамі і ці не чытаюць цяпер кнігі ў адваротным парадку: спачатку другі том, а потым першы. Вы адказалі, што я п’яная жывёліна, калі не ведаю, што ў «Ойча наш» спачатку ідзе «Ойча», а толькі потым «амін»… Вам нядобра, пан обер-лейтэнант? – са спагадай спытаў Швейк, заўважыўшы, як спалатнелы надпаручнік Лукаш схапіўся за падножку згаслага лакаматыва.

У збялелым твары Лукаша ўжо не было злосці, быў безнадзейны адчай.

– Гаварыце, гаварыце, Швейк… ужо мне лепей. Ужо ўсё роўна…