Поезд спыніўся на станцыі Машон. Быў ужо вечар, – з вагонаў нікога не выпусцілі.
Калі поезд крануўся, у адным з вагонаў загучаў голасны спеў. Спявак нібы хацеў заглушыць перастук колаў. Нейкі салдат з Кашперскіх гор у рэлігійным экстазе, навеяным прыгажосцю вечара, гучна апяваў ціхую ноч, якая апускалася на венгерскія раўніны.
– Гэй ты, дурыла! Заткніся! – перарваў нехта сентыментальнага спевака, які адразу ж замоўк. Яго адцягнулі ад акна.
Але працавітыя, спрытныя рукі шмат у каго не адпачывалі да раніцы – як і ва ўсім поездзе, так і тут, пры святле маленькай газоўкі на сцяне рэзаліся ў карты. На тварах прысутных можна было ўбачыць такое задавальненне, быццам не было ніякай вайны, ніякага поезда, які вёз салдат на перадавыя пазіцыі, на крывавыя бітвы і разню, а сядзяць яны ў адной з пражскіх кавярань за картачнымі столікамі.
зУ той час як тут караля білі тузам, далёка на фронце каралі білі адзін аднаго сваімі падданымі.
У штабным вагоне, дзе размясціліся афіцэры маршавага батальёна, ад самага пачатку паездкі панавала дзіўная цішыня. Большасць афіцэраў унурылася ў чытанне невялікай кніжкі ў палатняным пераплёце пад назвай: «Die Sünden der Väter». Novelle von Ludvig Ganghofer. Усе адначасова засяроджана вывучалі старонку сто шэсцьдзесят першую. Камандзір батальёна капітан Сагнер стаяў ля акна і трымаў у руцэ тую ж кніжку, адгорнутую на той жа сто шэсцьдзесят першай старонцы. Ён глядзеў на пейзаж за акном і разважаў аб тым, як, уласна, даступна вытлумачыць, што з гэтай кніжкай трэба рабіць. Усё гэта было строга канфідэнцыяльна.
Афіцэры тым часам падумвалі аб тым, што палкоўнік Шрэдэр з’ехаў з глузду як мае быць. Ён ужо даўно быў крыху звіхнуты з розуму, але ўсё ж ніхто не чакаў, што ён здурнее так адразу. Перад адыходам поезда ён загадаў усім афіцэрам сабрацца на апошнюю нараду, у час якой паведаміў, што кожны павінен атрымаць па адным экземпляры кнігі «Die Sünden der Väter» Людвіга Гангофера. Кнігі гэтыя ён загадаў прынесці ў канцылярыю батальёна.
– Панове, – прамовіў ён надзвычай таямнічым тонам, – ніколі не забывайце старонку сто шэсцьдзесят першую!
Уважліва прачытаўшы гэтую старонку, афіцэры нічога не зразумелі. На гэтай старонцы нейкая Марта падышла да пісьмовага стала, узяла адтуль нейкую роль і голасна заклікала публіку паспачуваць гераіні п’есы, потым з’явіўся нейкі Альберт, які безупынку сыпаў жартамі, але з той прычыны, што жарты намякалі на папярэднія падзеі, яны здаваліся такой бязглуздзіцай, што надпаручнік Лукаш ад злосці перакусіў муштук.
«Зусім выжыў з розуму, – вырашылі ўсе, – цяпер яму канцы. Перавядуць у вайсковае міністэрства».