I сапраўды, усё было надта загадкава. Колькі ні намагаліся, як ні стараліся, ніхто, акрамя капітана Сагнера, не знайшоў на сто шасцідзесятай старонцы названых слоў, а на супрацьлеглай сто шэсцьдзесят першай старонцы, якой пачынаўся ключ, адпаведных гэтаму ключу літар.
– Meine Herren! – пачаў заікацца капітан Сагнер, пераканаўшыся, што кадэт Біглер выкрыкнуў чыстую праўду. – Што ж такое? У маім «Die Sünden der Väter» Гангофера ўсё гэта ёсць, а ў вашым няма?
– З вашага дазволу, капітан, – абазваўся зноў кадэт Біглер, – дазволю сабе звярнуць вашу ўвагу на тое, што раман Людвіга Гангофера ў двух тамах. Майце ласку пераканацца: на першай старонцы напісана: «Раман у двух тамах». У нас першы том, а ў вас – другі, – працягваў уніклівы кадэт Біглер. – Таму ясна, як дзень, што нашы старонкі сто шасцідзесятая і сто шэсцьдзесят першая не супадаюць з вашымі. У нас зусім іншы тэкст. Першае слова дэпешы ў вас павінна атрымацца «на», а ў нас выходзіць «ау»!
Цяпер усе пераканаліся, што Біглер не такі ўжо дурань.
– Я атрымаў другі том у штабе брыгады, – сказаў капітан Сагнер. – Відаць, тут памылка. Палкоўнік заказаў для вас першы том. Па ўсім відаць, – працягваў ён такім тонам, быццам для яго ўеё было зразумела і проста яшчэ задоўга да пачатку яго лекцыі пра надзвычай зручны спосаб шыфроўкі – у штабе брыгады пераблыталі. У полк не паведамілі, што гаворка ідзе пра другі том, і вось вам вынік.
Кадэт Біглер абвёў усіх пераможным поглядам, паручнік Дуб шапнуў надпаручніку Лукашу, што «буслінае крыло з рыбіным хвастом» уцерла нос капітану Сагнеру.
– Дзіўны выпадак, панове, – абазваўся зноў капітан Сагнер, і, здавалася, ён хацеў бы сваімі словамі неяк рассеяць прыгнечанае маўчанне. – У канцылярыі брыгады сядзяць абмежаваныя людзі.
– Дазволю сабе падкрэсліць, – перабіў яго нястомны кадэт Біглер, якому зноў захацелася павыхваляцца сваім розумам, – падобныя рэчы сакрэтнага, строга сакрэтнага характару не павінны былі ісці з дывізіі праз канцылярыю брыгады. Справы армейскага корпуса, якія з’яўляюцца сакрэтнымі, павінны перадавацца сакрэтным цыркулярам толькі камандзірам часцей па дывізіях і брыгадах. Мне вядомы сістэмы шыфраў, якімі карысталіся ў часе войнаў за Сардынію і Савойю, у часе англа-французскай аблогі Севастопаля, у часе баксёрскага паўстання ў Кітаі* і ў часе апошняй руска-японскай вайны. Сістэмы гэтыя перадаваліся…
– Ідзіце вы з гэтым к чорту ў балота, кадэт Біглер, – з выразам пагарды і нездавальнення перабіў яго капітан Сагнер. – Несумненна адно: сістэма, пра якую ішла гаворка і якую я вам вытлумачыў, з’яўляецца не толькі адной з найлепшых, але, можна сказаць, адной з самых недаступных. Усе аддзелы контрразведкі нашых непрыяцельскіх штабоў цяпер могуць заткнуцца; ці плач, ці скач, нішто не дапаможа, не разгадаюць наш шыфр. Гэта нешта зусім новае.