Надпаручнік Лукаш гаварыў, як у ліхаманцы. Момант, калі ён замоўк, Швейк выкарыстаў для наіўнага пытання:
– Пакорна прашу мне дараваць, пан надпаручнік, але чаму я ніколі не даведаюся, што я такога жахлівага адпаліў? Я, пан обер-лейтэнант, асмеліўся вас спытаць пра гэта толькі дзеля таго, каб на будучае пазбягаць такіх памылак. Мы ж усе, як гаворыцца, вучымся на сваіх памылках, як той ліцейшчык Адамец з Данькаўкі. Ён памылкова выпіў салянай кіслаты…
Швейк не закончыў, бо надпаручнік Лукаш перапыніў яго аповед:
– Вы, дурыла! Я нічога не збіраюся вам тлумачыць! Лезьце ў свой вагон і скажыце Балоўну, каб ён, калі прыедзем у Будапешт, прынёс у штабны вагон булачку і пячоначны паштэт, які ляжыць унізе ў маім куфэрку, загорнуты ў станіёль. А Ванаку скажыце, што ён асёл. Тройчы я загадваў яму падаць мне дакладныя даныя пра колькасны склад роты. Сёння мне гэтыя даныя спатрэбіліся, і выявілася, што ў мяне старыя звесткі, з мінулага тыдня.
– Слухаюся, пан обер-лейтэнант, – прагаўкаў Швейк і памалу пасунуўся да свайго вагона.
Надпаручнік Лукаш, пераступаючы нагамі па шпалах, дакараў сам сябе: «Мне варта было заляпіць яму некалькі аплявух, а я з ім балачкі разводжу, як з нейкім сябруком».
Швейк паважна ўлез у свой вагон. Сёння ён адчуў пашану да самога сябе. Не кожны ж дзень удаецца здзейсніць нешта настолькі жахлівае, што нават не маеш права даведацца, што.
– Пан фельдфебель, – далажыў Швейк, сеўшы на сваё месца, – у пана обер-лейтэнанта Лукаша, як мне здаецца, сёння вельмі добры настрой. Ён загадаў перадаць вам, што вы асёл, бо ён ужо тройчы патрабаваў ад вас дакладных звестак пра колькасны склад роты.
– Hergott! – ускінуўся Ванак. – Ох, і насалю я гэтым узводным! Хіба я вінаваты, што кожны бадзяга ўзводны робіць, што хоча, і не пасылае мне даных? Я ні хвіліны не сумняваўся, што ў нас непарадкі. Сёння ў кухні не хапае чатырох порцый, заўтра, наадварот, тры лішнія. Каб хоць гэтыя лайдакі паведамлялі, прынамсі, хто ляжыць у шпіталі! Яшчэ мінулы месяц у мяне па ведамасці праходзіў нейкі Нікодым, і толькі пры выплаце жалавання я даведаўся, што гэты Нікодым памёр у будзеёвіцкай бальніцы ад скарацечных сухотаў, а мы ўвесь гэты час атрымлівалі на яго харчы. I пасля гэтага пан обер-лейтэнант называе мяне аслом! Ён сам не можа навесці парадак у сваёй роце!
– Паслухай, Балоўн, – успомніў Швейк, – я табе павінен перадаць, што пан обер-лейтэнант загадаў табе, як толькі прыбудзем у Будапешт, прынесці булачку і пячоначны паштэт у станіёле, што ляжыць у куфэрку пана обер-лейтэнанта, у самым нізе.