Крыху пазней паміж камендантам вакзала і капітанам Сагнерам адбылася строга канфідэнцыяльная размова.
Змест першай тэлеграмы: «Хутка згатаваць абед і маршыраваць на Сакаль» выклікаў здзіўленне: у гэты момант батальён знаходзіўся на станцыі Раб*. I ўсё ж тэлеграма павінна была быць перададзена па прызначэнні. Адрасат – маршавы батальён Дзевяноста першага палка, копія – маршаваму батальёну Семдзесят пятага палка, які знаходзіцца з-заду. Подпіс правільны: «Камандзір брыгады Рытэр фон Герберт».
I– Зусім сакрэтна, пан капітан, – таямніча сказаў камендант вакзала. – З вашай дывізіі атрымана сакрэтная тэлеграма. Камандзір адной з брыгад звар’яцеў. Яго адправілі ў Вену пасля таго, як ён з брыгады разаслаў некалькі тузінаў падобных тэлеграм. У Будапешце вы атрымаеце яшчэ адну такую тэлеграму. Усе тэлеграмы, вядома, трэба ануляваць… Я кадравы афіцэр старой сапёрнай службы, – дадаў ён. – Пан капітан, нас, старых вайскоўцаў, якія пачалі службу радавымі, гоняць толькі на фронт… Памятаю, як аднойчы ў кадэцкай школе ў Празе я, ваш старэйшы таварыш, дапамагаў вам у практыкаваннях на трапецыі. Тады нас абодвух пакінулі без водпуску. Вы ж таксама біліся ў сваім класе з немцамі… З вамі разам вучыўся Лукаш, і вы, здаецца, былі вялікімі сябрамі. Усё гэта прыгадалася мне, калі я па тэлеграфе атрымаў спіс афіцэраў маршавага батальёна, якія праедуць праз маю станцыю. Шмат вады сплыло з таго часу і Кадэт Лукаш тады выклікаў у мяне вялікую сімпатыю.
На капітана Сагнера ўся гэтая размова зрабіла вельмі цяжкае ўражанне. Ён надта добра ведаў таго, з кім гаварыў. Будучы вучнем кадэцкага вучылішча, той кіраваў антыаўстрыйскай апазіцыяй. Пазней жаданне зрабіць кар’еру зрабілася мацнейшым у абодвух. Асабліва непрыемнай была згадка пра надпаручніка Лукаша, якога з нейкіх, нікому не вядомых, прычын усюды абыходзілі.
– надпаручнік Лукаш – вельмі добры афіцэр, – з націскам сказаў капітан Сагнер. – Калі адпраўляецца наш поезд?
Камендант станцыі паглядзеў на гадзіннік:
– Праз шэсць хвілін.
– Іду, – заспяшаўся Сагнер.
– Я думаў, што вы мне што-небудзь скажаце на развітанне, Сагнер.
– Also: nazdar! – адказаў Сагнер і выйшаў з будынка камендатуры вакзала.
Вярнуўшыся ў штабны вагон, капітан Сагнер знайшоў усіх афіцэраў на сваіх месцах. Яны, разабраўшыся па групах, гулялі ў карты. Не гуляў толькі кадэт Біглер.
Кадэт Біглер марыў вызначыцца не толькі на полі бою, але і на літаратурнай ніве, як летапісец ваенных падзей. Уладальнік дзіўных крылаў з рыбіным хвастом збіраўся стаць выдатным ваенным пісьменнікам. Яго літаратурныя спробы пачыналіся многаабяцаючымі загалоўкамі, і ў іх, як у люстры, адбіваўся мілітарызм той эпохі. Але тэмы былі яшчэ не распрацаваны, на карталюшках значыліся толькі назвы будучых трактатаў.