Светлый фон

Здаравяк Балоўн адразу панік, звесіўшы ў адчаі свае доўгія, як у шымпанзе, рукі і доўга заставаўся ў такім становішчы.

– Няма ў мяне яго, – сказаў ён ціхім голасам, утаропіўшыся ў брудную падлогу вагона. – Няма, – паўтарыў ён адрывіста. – Я думаў… Я яго перад ад’ездам разгарнуў… Я яго панюхаў… ці не сапсаваўся… Я яго пакаштаваў…

– Вы яго сажралі разам са станіёлем, – спыніўся перад Балоўнам старшы пісар Ванак, задаволены тым, што перамянілася тэма гаворкі і аб’ектам насмешак зрабіўся ненажэрны Балоўн. – Толькі дзякуючы маім старанням, – нагадаў Балоўну старшы пісар, – вы засталіся ў дзеншчыках у пана обер-лейтэнанта. Вас хацелі перавесці ў санітары, і вам прыйшлося б выносіць параненых з поля бітвы. Пад Дуклай нашы тры разы запар пасылалі санітараў па прапаршчыка, які быў паранены ў жывот перад драцянымі загародамі, і ўсе яны засталіся там – усім кулі трапілі ў галаву. Толькі чацвёрты яго вынес, але яшчэ па дарозе ў перавязачны пункт прапаршчык ператварыўся ў нябожчыка.

Балоўн не стрымаўся і голасна ўсхліпнуў.

– Пасаромеўся б, – з пагардай сказаў Швейк. – Ты ж салдат!

– Эх, непрыдатны я для войска чалавек, – забедаваў Балоўн. – Праўда! Я абжора, я ненажэрны, у мяне мазгі ў кішках, а ўсё таму, што мяне адарвалі ад звыклага жыцця. Гэта ў мяне на раду напісана. Нябожчык бацька ў Процівінскім шынку біўся аб заклад, што за адным захадам з’есць пяцьдзесят сардэлек і два боханы хлеба, і выйграў. А я раз пайшоў у заклад, што з’ем чатырох гусей і дзве міскі кнедлікаў з капустай, і з’еў.

– Пан бог стварыў ненажэр, ён пра ix і паклапоціцца, – заўважыў Швейк. – Адзін раз цябе ўжо прывязвалі, а цяпер ты заслужыў, каб цябе паслалі на перадавыя пазіцыі.

– Божа мой, божа, – зашаптаў Балоўн, нагнуўся па куфэрак надпаручніка Лукаша і, захапіўшы яго, пашыбаваў у другі канец вагона.

– Што вы там робіце ў кутку, Балоўн? – раптам усклікнуў старшы пісар Ванак.

Небарака Балоўн папярхнуўся ад нечаканасці і нічога не мог сказаць у адказ – ён ужо адкрыў куфэрак надпаручніка Лукаша і пхаў у рот яго апошнюю булачку.

Міма станцыі, не прыпыняючыся, прайшоў другі вайсковы эшалон, бітком набіты дэйчмейстарамі, якіх пасылалі на сербскі фронт. Яшчэ не апамятаўшыся ад захопленых праводзін у Вене, яны гарлапанілі песні пра храбрага прынца Яўгена.

Нейкі капрал з зухавата закручанымі вусамі, абапіраючыся локцямі на салдат, якія, седзячы ў вагоне, махалі нагамі, высунуўся з вагона. Капрал дырыжыраваў і галёкаў на ўсю акругу словы песні. Раптам ён страціў раўнавагу, вылецеў з вагона і з усёй сілы на ляту ўдарыўся жыватом аб рычаг стрэлкі і павіс на ім, як наколаты. Тым часам поезд ішоў далей і далей, а ў задніх вагонах не пераставалі спяваць.